BE RU EN

У Балгарыі прайшлі масавыя пратэсты праз падвышэнне коштаў

  • 19.11.2018, 9:01

Пратэстоўцаў падтрымалі дзве тысячы аўтамабіляў.

У Балгарыі прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў асноўных прадуктаў харчавання, гаруча-змазачных матэрыялаў і полісаў страхавання грамадзянскай адказнасці. Пра гэта паведамляе ўласны карэспандэнт Укрінформ.

У акцыях узялі ўдзел блізу 4 тысяч чалавек і амаль дзве тысячы аўтамабіляў, кажуць у паліцыі.

Адзін з пратэстоўцаў распавёў карэспандэнту, што, напрыклад, кошт вады ў Балгарыі падвысіўся амаль на 50%.

Акрамя таго ўдзельнікі пратэстаў патрабавалі зніжэння коштаў гаруча-змазачных матэрыялаў, а таксама заклікалі ўрад адмовіцца ад прыняцця закона, паводле якога кошт полісу страхавання грамадзянскай адказнасці можа вырасці да 500 еўраў.

На працягу ўсяго дня маніфестанты блакавалі галоўныя аўтамагістралі краіны, а таксама дарогі, што вядуць да асноўных кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з Грэцыяй, Румыніяй і Турцыяй.

Пратэстоўцы заявілі, што калі ўлада не прыслухаецца да іх патрабаванняў, яны пакідаюць за сабой права патрабаваць адстаўкі ўрада.

16 лістапада віцэ-прэм'ер-міністр Балгарыі Валеры Сімяёнаў падаў у адстаўку пасля некалькіх тыдняў пратэстаў, якія выклікала ягоная абразлівая заява аб правах інвалідаў.

Апошнія навіны