BE RU EN

У Чырвоным касцёле пройдзе вечар, прысвечаны яго гісторыі

  • 18.11.2018, 21:08

21 лістапада 1990 года, у дзень 80-годдзя касцёла, святыня была вернутая Рымска-Каталіцкай Царкве.

21 лістапада 1910 года быў асвячоны касцёл Святога Сымона і Святой Алены, які стаў самым вялікім у Менску і неўзабаве атрымаў неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл». Шмат выпрабаванняў духоўнага адраджэння было ў гісторыі бажніцы, горада, краіны, піша chyrvony.by.

З 1989 года святар Уладзіслаў Завальнюк разам з вернікамі пачаў працу за вяртанне народу каталіцкіх святынь у Менску (касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Кафедральны касцёл, касцёл Святога Роха), аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах, Лагойску, Каране, Негарэлым ды інш.

Каб вярнулі Чырвоны касцёл, паўтара года кожны вечар пасля працы, а ў нядзелю - удзень, ва ўсялякае надвор'е вернікі праводзілі хросныя шэсці вакол будынка касцёла, узносілі малітвы.

21 лістапада 1990 года, у дзень 80-годдзя касцёла, святыня была вернута Рымска-Каталіцкай Царкве. У гэты ж дзень біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў Святую Імшу ў касцёле і блаславіў вернікаў у іх духоўнай і фізічнай працы для аднаўлення храма.

У 2017 годзе пачалася рэканструкцыя храма, падчас якой помніку архітэктуры вяртаюць гістарычны выгляд.

У 2018 году, дзякуючы ахвяраванням прыхаджан, былі адлітыя новыя званы.

7 верасня звон Алімпіі, Сымона і Алены; звон Слугі Божага Эдварда Вайніловіча і звон Міхала Арханёла былі прывезеныя і пастаўлены каля касцёла для агляду.

9 кастрычніка гэтага года званы былі паднятыя і ўстаноўленыя на вежах касцёла.

Гэтым падзеям будзе прысвечаны вечар «Вы святую веру захавалі...», які пройдзе 25 лістапада а 13:00 у бібліятэцы імя Адама Міцкевіча.

Апошнія навіны