BE RU EN

Бажніца, якую пабудаваў беларускі Гаўдзі

  • 18.11.2018, 11:47

Гісторыя святыні, пабудаванай на грошы ад продажу скарбу.

Што агульнага паміж царквой Успення Багародзіцы ХІХ стагоддзя ў балгарскім сяле Дэлені, Уваскрасенскім саборам у Кастраме (ХVII ст.) і Касцёлам Маці Божай Ружанцовай пачатку ХХ стагоддзя ў беларускім мястэчку Солах? Усе тры святыні былі пабудаваныя на сродкі, атрыманыя ад продажу знойдзеных скарбаў, але наша цікавая яшчэ і тым, што яе параўноўваюць з творамі геніяльнага каталонца Антоніё Гаўдзі. Зрэшты, пра ўсё парадкам, піша planetabelarus.by.

У кніжках аб гісторыі дойлідства касцёл у Солах называюць помнікам архітэктуры стылю мадэрн (радзей – постмадэрн). Гэта так, кажа экскурсавод Яраш Малішэўскі, разам з якім мы трапілі ў цяперашні аграгарадок на Смаргоншчыне ў рамках экскурсіі "Беларуская мазаіка", але менавіта гэтая бажніца ўвабрала ў сябе элементы самых папулярных стыляў апошняга тысячагоддзя. Мяркуйце самі: выкладзеныя з каменных блокаў контрфорсы служаць напамінам пра готыку, бакавыя галерэі-аркады – ужо рэнесансная рэмінісцэнцыя, а двухпавярховая вежа-званіца і фігурныя шчыты фасадаў нібы прыйшлі з эпохі барока. Адметнасць пабудове надае і паўкруглы ў плане бабінец накшталт барбакана.

Фото: planetabelarus.by

"У архітэктуры касцёла дойлід адхіляе патрабаванне абавязковай франтальнай сімэтрыі, бо ўпэўнены, што толькі пры існаванні творчай свабоды магчыма дасягнуць жывога руху архітэктурных мас – піша пра гэты касцёл кандыдат мастацтвазнаўства Анатоль Кулагін. - Кампазіцыя і архітэктура будынка разлічаныя на ўспрыманне ў прасторы – да гэтага заклікае яго дынамічная асімэтрычнасць. Надзеленая гіпертрафаванай пластычнасцю і маляўнічасцю бажніца сваім характару набліжаецца ды асобнай архітэктурнай скульптуры».

Фото: planetabelarus.by

Аўтарам дзіўнага праекта, адзначанага павышанай пластычнай экспрэсіяй, стаў дойлід Адам Дубановіч. Пра яго вядома няшмат – хіба толькі тое, што, акрамя сольскага цуду, ён удзельнічаў у праектаванні Дома стралка ў Гародні (цяпер Дом афіцэраў на вуліцы Ажэшкі). Гэта будынак больш позні, чым касцёл, але таксама асімэтрычны, выкананае ў стылі канструктывізму. Дарэчы, Дом афіцэраў з глядзельнай залай на 800 месцаў доўгі час быў галоўнай канцэртнай пляцоўкай места над Нёманам.

Фото: planetabelarus.by

Гарадзенскі Дом стралка заклалі ў 1934 годзе - менавіта тады закончылася васьмігадовае будаўніцтва касцёла ў Солах пад кіраўніцтвам брыгадзіра з гучным імем Баніфацый Трахневіч. Яшчэ блізу двух гадоў працягвалася праца над яго інтэр'ерамі, якія месцам не саступаюць арыгінальнасцю знадворнаму выгляду бажніцы - да іх мы вернемся крыху пазней.

Фото: planetabelarus.by

А пачыналася ўсё з таго, што пасля Першай сусветнай вайны жыхары Солаў наважылі пабудаваць тут каменны касцёл - на месцы шмат разоў згарэлага драўлянага. Упершыню драўляны касцёл у вёсцы Солах быў пабудаваны ў другой палове ХVI стагоддзя на сродкі легендарнага гетмана Крыштапа Радзівіла (Перуна), у іншых крыніцах – на сродкі ягонай жонкі. У 1656 годзе касцёл згарэў падчас Трынаццацігадовай вайны з Маскоўскім княствам і быў адноўлены ў 1699-м, але зноў спалены разам з Соламі падчас здушэння паўстання Касцюшкі. Новы драўляны касцёл, закладзены на гэтым месцы, згарэў у вайну 1812 года, а наступны, пабудаваны ў 1829-м (паводле іншых звестак, у 1849-м) – перастаў існаваць у 1915 годзе…

Нарэшце, парафіяне Солаў наважылі разарваць чараду вогненных няшчасцяў і паставіць на папялішчы хай і невялікі касцёл, але з каменя. І калі сталі капаць катлаван пад падмурак, нечакана наткнуліся на самы сапраўдны скарб - царкоўную "схованку" сярэдзіны ХVII стагоддзя. Рэчы з каштоўных металаў удала прадалі на сусветных аўкцыёнах, распавядае Яраш Малішэўскі, а на атрыманыя сродкі – блізу паўмільёна злотых - збудавалі касцёл нашмат большы, чым планавалася першапачаткова.

Фото: planetabelarus.by

Гэтая будоўля стала для Солаў без перабольшання ўсенароднай. У вольны час на ёй працавала большасць жыхароў вёскі.

Фото: planetabelarus.by

Больш за тое, калі справа дайшла да роспісу касцельных інтэр'ераў, натуршчыкамі для мастакоў сталі таксама тутэйшыя жыхары – таму цяпер, гледзячы на абліччы святых у касцёле, шмат якія сольцы пазнаюць у іх... сваіх дзядуль і бабуль.

Але, мабыць, самыя цікавыя фрэскі гэтага незвычайнага касцёла знаходзяцца па баках ад галоўнага алтара. Адна з іх выяўляе абарону Яснагорскага кляштара ў Чанстахове ў 1655 годзе, а іншая – так званы «Цуд над Віслай» – перамогу Войска польскага над Чырвонай арміяй у бітве на подступах да Варшавы ў 1920 годзе. Ні водным іншым касцёле Беларусі вы не знойдзеце фрэскі са зрынутым савецкім сцягам. Аўтар гэтых работ - вядомы мастак, выпускнік Віленскага ўніверсітэта Пётра Сергіевіч.

Калі ў 1949 годзе быў арыштаваны і высланы мясцовы ксёндз, сольцы далей самастойна хадзілі ў касцёл. Улады накіравалі да касцёла фурманкі са збожжам, каб зладзіць там склад, але жанчыны ляглі на дарогу перад калёсамі, а мужчыны сталі каля дзвярэй з сякерамі... Так і абаранілі сваю грацыёзную святыню, падобную да павялічанай у сто разоў статуэтку – для сябе і для ўсіх нас.

Апошнія навіны