BE RU EN

Няўзораў: Расейскае праваслаўе не атрымлівала такую плягу з мангольскіх часоў

  • 17.11.2018, 21:42

Патрыярх Варфаламей нечакана пазначыў сябе як палітычную фігуру.

Наданне аўтакефаліі ўкраінскай праваслаўнай царкве цалкам пазбавіць Маскву магчымасці ўплываць на ўсякія ўнутраныя працэсы ва Украіне. Такое меркаванне выказаў у эфіры тэлеканала "Дождь" расейскі журналіст і публіцыст Аляксандр Няўзораў.

"Гэта глабальная грандыёзная параза не толькі РПЦ МП, якая траціць грошы, прыходы, усякія рэчы, прычындалы... Гэта каласальныя сваёй моцай пляга і прыніжэнне, якога ніколі не ведала расейскае праваслаўе прынамсі з мангольскіх часоў", - падкрэсліў ён.

На думку публіцыста, падзеі ва Украіне "яшчэ доўга будуць адгукацца", а прыхільнікі РПЦ будуць рабіць "дзікія заявы".

"Там ёсць людзі, якія панічна баяцца Масквы і [патрыярха Кірыла] Гундзяева, але яны ўжо ніякай ролі не граюць. Напэўна, на працягу нядоўгага часу яны будуць выціснутыя з Украіны. Там будзе зачышчаная прастора, і Украіна будзе цалкам незалежнай у гэтым плане", - распавёў Няўзораў.

Ён адзначыў, што экуменічны патрыярх Варфаламей нечакана пазначыў сябе як палітычную фігуру і пачаў закранаць тэму "ўсіх невыгод, якія прычыніла Расея Украіне".

"Ён акрэсліў сябе як выяўнага супраціўніка РФ. Мяркую, што безумоўна на іх [ўкраінскім] баку найбліжэйшым часам будзе поўная і канчатковая перамога. А тыя папы, якія не захочуць гуляць ва ўкраінскую гульню, яны будуць вымушаныя ад свайго наладжанага радаснага ўтульнага побыту... сумнай чарадой накіравацца назад у Маскву пад крылца Гундзяева, у абсалютную няпэўнасць", - падрахаваў публіцыст.

Апошнія навіны