BE RU EN

Навукоўцы: касаткі ўсведамляюць сябе асобай

  • 17.11.2018, 20:58

Гэтаму гатунку кітоў уласцівыя незалежнасць і ўпартасць.

Кіты-касаткі валодаюць спрэс чалавечымі рысамі характару - напрыклад, жыццярадаснасцю, памяркоўнасць або, наадварот, стрыманай упартасцю. Да такіх высноў прыйшлі навукоўцы з Універсітэта Жыроны ў Гішпаніі, піша «Вокруг света».

Зоапсіхолагі прааналізавалі асабовыя рысы 24 касатак, якія жывуць у няволі - у SeaWorld Арланда і Сан-Дыега, а таксама ў Лора-парку на Тэнэрыфэ. Навукоўцы апыталі трэнераў і супрацоўнікаў, якія працуюць з кітамі, папрасіўшы апісаць характар кожнага. У спіс трапілі 38 асабовых рыс, у тым ліку гуллівасць, незалежнасць, упартасць, адвага, чуллівасць і клапатлівасць.

Пасля гэтага заолагі параўналі атрыманы вынік з ужо існымі аглядамі, якія тычацца рыс характару шымпанзэ. Падчас аналізу навукоўцы выкарыстоўвалі пяціфактарную мадэль асобы. Падабенства выявілася дзіўным.

«Гэтыя асабовыя рысы з'явіліся, бо былі патрэбныя для падтрымання складаных сацыяльных узаемадзеянняў у згуртаваных групах, якія мы бачым у касатак, людзей і прыматаў», - сцвярджае Юлан Убэда, кіраўнік даследчай групы.

Са слоў даследнікаў, атрыманыя вынікі - прыклад канвергентнай эвалюцыі - працэсу, пры якім розныя арганізмы, якія жывуць у падобных варунках або экалагічных нішах, незалежна развіваюць падобныя рысы. Яны падкрэслілі, што пры вывучэнні ўзаемадзеянняў дзікіх касатак вынікі былі б іншымі, але правесці такі аналіз не выпадае.

Апошнія навіны