BE RU EN

«Ёсць небяспека вялікай вайны»: паміж Украінай і Расеяй загараецца трэці агмень

  • 17.11.2018, 13:28

Генерал Ігар Раманенка пра пагрозы Расеі блакаваць Азоўскае мора.

Расея можа закрыць Азоўскае мора для Украіны, але гэта прывядзе да далейшых міжнародных санкцый, якія выліюцца для Крамля ў мільярды. У цэлым Азоўскае мора можа стаць агменем, які можа давесці сітуацыю да шырокамаштабнай вайны Украіны з Расеяй. Такое меркаванне выказаў "Апострофу" экс-намеснік кіраўніка генштаба Узброеных сілаў Украіны, генерал-лейтэнант Ігар Раманенка, каментуючы заяву расейскага чыноўніка Франца Клінцэвіча пра пагрозу перакрыць Азоўскае мора украінскім судам.

– Пуцін дзейнічае крок за крокам – ацаніў сітуацыю, агледзеўся і робіць наступны крок. Таму Украіна таксама не магла бяздзейнічаць і праводзіла арышт расейскіх судоў.

На Захадзе заканадаўча ўвялі санкцыі пасля анэксіі Крыма, таму Украіна павінна падтрымліваць іх. Таму і сітуацыя з караблём "Норд" (расейскі карабель, арыштаваны Украінай у сакавіку 2018 года, – "Апостраф") так складвалася, і далей гэта трэба падтрымліваць.

У Крамлі ж таксама бяруць пад увагу, што далейшае завастрэння ў Азоўскім моры балюча ударыць у іх самім. Яны спадзяюцца на прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ва Украіне – на сітуацыю, якую яны больш танна і эфектыўна для сябе згуляюць. Таму, з пункту гледжання іхніх аналітыкаў, ім невыгодна далей абвастраць сітуацыю. А Украіне таксама нельга бяздзейнічаць – трэба адстойваць свае пазіцыі.

Перакрыць мора яны, вядома, могуць. Але гэта прывядзе да далейшых міжнародных санкцый, што выльюцца для Пуціна ў мільярды, якія ён не хацеў бы страчваць. Да прыкладу, могуць быць уведзеныя санкцыі супраць іх партоў.

Ці магчымы ваенны сцэнар на Азове? Наўрад ці. Магчыма будзе прадаўжацца блакаванне караблёў у Азоўскім моры. У нас ёсць пэўныя сілы, але ў іх – больш. Мы не зможам адказваць. У такім выпадку трэба завастраць і перакладаць сітуацыю ў шырокамаштабную вайну, якая цяпер немэтазгодная для Украіны.

У цэлым Азоўскае мора можа стаць агменем, які распаўсюдзіцца далей. Тут вымалёўваецца трэці асобны агмень акрамя Данбаса і Крыма, які можа давесці сітуацыю да шырокамаштабнай вайны Украіны з Расеяй.

У гэтай сітуацыі Украіна зможа спадзявацца на дапамогу Захаду ў дыпламатычным і эканамічным фарматах. А калі канфлікт пагоршыцца, то нам будуць больш актыўна дапамагаць узбраеннем – не так, як цяпер.

Так, дапамога ад Захаду паступае, але гэта робіцца не так, як дапамагалі СССР падчас Другой сусветнай вайны ці праамерыканскім сілам у Афганістане. Ну і санкцыі супраць Расеі не параўнальныя з рэйганаўскімі санкцыямі ў дачыненні да Саюза, то-бок фінансы не чапаюцца, энэргетыка не чапаецца і ў Крамля яшчэ ёсць сур'ёзныя рэзервы.

Войскі да нас не завядуць, таму што Захад не хоча пашырэння гэтай вайны ў шырокамаштабную і перарастання ў Трэцюю сусветную. А актыўна дапамагаць на дыпламатычным, эканамічным франтах і ў ваеннай галіне – гэта так. Але ваяваць за Украіну – не.

Захад можа ўблытацца толькі ў тым выпадку, калі вайна будзе далей разрастацца. Успомнім Грузію, калі спынілі расейцаў. Сапраўды гэтак сама нашы заходнія хаўруснікі могуць зрабіць і тут.

Апошнія навіны