Праваабаронца: Міліцыянты двойчы парушылі закон у справе пра аплявуху гарадавому
- 16.11.2018, 15:34
Павел Сапелка мяркуе, што сілавікі дзейнічалі неправамерна.
Праваабаронца «Вясны» былы адвакат Павел Сапелка мяркуе, што міліцыянты мінімум двойчы парушылі заканадаўства, калі прыцягнулі да адказнасці падлетка за аплявуху «гарадавому» і выклалі відэа з падлеткам у інтэрнэт, паведамляе «Радыё Свабода».
Са слоў Паўла Сапелкі, затрыманага юнака не маглі прыцягваць да адказнасці згодна з Крымінальным кодэксам.
«Тут некалькі бясспрэчных на мой погляд момантаў, якія ставяць пад сумнеў правамоцнасць дзеянняў міліцыі.
Скульптуры гарадавога не прычыненыя не тое што пашкоджанні, а нават мінімальная шкода. А значыць, выкарыстанне Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за такія злачынствы (гэта 344-й і 345-й артыкула) выключанае.
Таксама немагчыма прыцягнуць да адказнасці ўмоўнага «парушальніка» і паводле 346 артыкула КК, у якім гаворыцца пра гісторыка-культурныя каштоўнасці, бо скульптура гарадавога не з'яўляецца помнікам гісторыі і культуры. Другая частка гэтага артыкула прадугледжвае адказнасць за апаганьванне помнікаў абаронцам Айчыны, але тут мы маем усё ж іншы час і іншы вобраз. Такім чынам, крымінальная адказнасць выключаная».
Адзіны варыянт разбору ўчынку затрыманага хлопца, мяркуе Павел Сапелка, гэта паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Але і тут не вытрыманы шэраг патрабаванняў закона, мяркуе праваабаронца.
«Магчыма, што ў дзеяннях падлетка міліцыянты ўгледзелі хуліганства. Прыраўнялі аплявуху да іншых грэблівых дзеянняў у дачыненні да нерухомых аб'ектаў. Напрыклад, надпісаў нецэнзурных слоў, пашкоджанняў. Убачылі парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Але ў кожным выпадку трэба рабіць усё паводле закону: скласці пратакол, выклікаць бацькоў, бо гаворка ідзе пра непаўналетняга, без яго прадстаўнікоў закон забараняе ўсе дзеянні. У іх прысутнасці бяруць тлумачэнні, і справа накіроўваецца для разгляду ў суд. Ці было гэта зроблена, у мяне ёсць вялікія сумневы.
Далей: у відэа, якое размясцілі міліцыянты, няма ні слова пра тое, што юнак прызнаны вінаватым у адміністрацыйным парушэнні, між тым ён ужо просіць прабачэння. Але ці быў атрыманы дазвол ад яго і ягоных бацькоў на размяшчэнне такога відэа, таксама незразумела. Можна меркаваць, што яго прымусілі прасіць прабачэння, і гэта таксама з'яўляецца парушэннем закона, што патрабуе разбору», - мяркуе праваабаронца Павел Сапелка.
Атрымаць каментар наконт гэтай справы ад Міністэрства ўнутраных спраў журналістам пакуль не ўдалося.