BE RU EN

«У таксістаў накіпела»

  • 16.11.2018, 14:01

Гарадзенскія таксісты распавядаюць, навошта запрашаюць адзін аднаго на «агеньчык».

Блізу 20 аўтамабіляў таксі з'ехалася на вуліцу Каліноўскага ўвечары 12 лістапада, каб дапамагчы калегу, які апынуўся ў непрыемнай сітуацыі. Высвятляецца, такія сітуацыі - не рэдкасць. Сярод кіроўцаў такі сігнал аб дапамозе называецца «агеньчык». Hrodna.life сабраў некалькі гісторый ад кіроўцаў.

Аляксандр, стаж 10 гадоў

- Не ведаю як цяпер, але раней прыязджалі ўсе, хто чуў паведамленне. Я яшчэ працаваў у перыяд, калі былі рацыі ў аўтамабілях, а інтэрнэт-дадаткі не былі настолькі развітыя, як цяпер. Бывала, нават з пасажырамі даводзілася ехаць. Але раней за нявыплату ніхто і не клікаў на дапамогу, а калі і клікалі, то проста тэлефанавалі дыспетчару і прасілі адзін-два аўтамабілі для тлумачэння сітуацыі.

Чаму не хочуць плаціць? Не ведаю, што людзей да гэтага падахвочвае. Вось адзін з выпадкаў. Прыехаў я на замову, выйшлі з пад'езда два чалавекі і абодва п'яныя. Адзін сеў у аўто, другі разлічыўся за яго і сказаў куды ехаць. Я ўключыў таксометр і пачаў лічыць грошы, якія мне далі, а там было вельмі мала. На той момант штосьці блізу 7 000 рублёў, мінімальная замова тады была, па-мойму, 30 000 рублёў. Я на гэта сказаў пасажыру, ён выйшаў з аўто, пахадзіў вакол, зноў адкрыў дзверы і забраў свае рэчы. Я выйшаў за ім: ён павінен быў аплаціць мінімальную замову, бо ён сеў у аўто і я ўключыў таксометр. У адказ ён ударыў мяне і мне давялося ўтрымліваць яго сваімі сіламі пакуль не прыехалі іншыя машыны на дапамогу. Потым мы выклікалі міліцыю. Выклікаць хлопцаў на дапамогу заўсёды было прасцей і хутчэй, чым выклікаць міліцыю, бо дыспетчар амаль заўсёды ведае, дзе ты знаходзішся.

Яўген, стаж 2,5 года

- Трапляюцца кліенты, якія не хочуць плаціць, але не часта. Асноўная прычына - п'яны чалавек ці грошай няма, а ехаць трэба. Бывае ўцякаюць. У нас у таксістаў ёсць канал «агеньчык»: у выпадку сігналу ўсе хто побач з'язджаюцца, у асноўным гэта бывае ўночы. Асабіста мне не даводзілася карыстацца гэтай дапамогай, але даводзілася біцца з пасажырамі. Ехаў нападпітку і лаяўся, я адвёз яго да месца, і ён выйшаў. Праз некалькі секунд вяртаецца і ломіцца ў аўто. Я адчуў нешта нядобрае. Прыйшлося выйсці і ударыць гэтага чалавека. Лепш не чакаць і першым нанесці ўдар. Былі моманты, калі людзей у аўто ванітавала - усё аплачвалі. Наогул, салідарнасць сярод таксістаў ёсць, але не скажу, што тут усе такія дружныя. Пераважна кожны сам за сябе.

Самвел, стаж 11 гадоў

«Гісторыі з неаплачаным праездам здараюцца дзесьці раз на тыдзень ці месяц. У асноўным п'яныя адмаўляюцца плаціць: то грошай няма, то прапіў ды іншыя адгаворкі. Пачынае распавядаць свае гісторыі. Дзе не ўдаецца развязаць праблему самому, таксісты адзін аднаму дапамагаюць і выклікаюць усіх па «агеньчыку». Але я неяк не прасіў аб дапамозе: сам заўсёды развязваў гэтыя праблемы.

Аляксандр, стаж 20 гадоў

- Апошні раз з неаплачаным праездам я сутыкнуўся ў чэрвені гэтага года. Пасажыр не быў задаволены сумай за праезд і гатовы быў заплаціць толькі палову. Разумееце, для звычайных людзей 3 рублі гэта не грошы і яны думаюць, што калі не заплацяць таксісту, то нічога з ім не здарыцца. Многія кіроўцы за гэтыя рублі не хочуць выклікаць міліцыю і потым сядзець запаўняць там паперы. Часам таксісты кажуць: адпусці ты гэта кліента, а то прыйдзецца яшчэ цягацца і страціш больш грошай. Вось такая псіхалогія ў людзей.

Бо пасажырам, якія не заплацяць за праезд, практычна нічога не будзе. Склалі пратакол і ў выніку заплаціў. Бывае, часам людзі рукі распускаюць, асабліва па святах і ў ноч з суботы на нядзелю. Прычыны розныя: то з дзяўчынай пасварыўся, то нешта не падзялілі і тады кіроўца таксі крайні. Хтосьці карыстаецца «агеньчыкам», я ж стараюся такія сітуацыі развязваць сам. Досвед і ўпэўненасць у сабе дапамагаюць.

А наогул сярод таксістаў ёсць салідарнасць. Канал аб дапамозе быў створаны блізу 5 гадоў таму, пасля таго як былі зніжаныя тарыфы на паслугі таксі. Чым меншы кошт, тым больш немаёмных людзей карыстаецца нашымі паслугамі. Сёння таксі ў некаторых сітуацыях таннейшыя за маршруткі.

Сяргей, стаж больш за 20 гадоў

- Я пачынаў таксаваць яшчэ ў 1996 годзе. Апошнім часам пасажыраў, якія адмаўляюцца плаціць, у нас усё менш. Цяпер усё фіксуецца праз чэкі, рэгістратары, мабільныя званкі і кампутарныя праграмы. А раней такія выпадкі былі часта і чалавека ледзь не за руку трэба было трымаць, каб ён расплаціўся.

Забыцца расплаціцца за праезд можа хто хочаш. Гэта можа быць прыстойна адзеты чалавек: ён проста выходзіць з аўто, просіць пачакаць хвілінку і не вяртаецца. Але асноўная частка такіх кліентаў - жлукты і наркаманы, якія ездзяць уночы, апошніх цяпер усё менш.

Апошні выпадак на Каліноўскага для мяне не навіна. Часам той-сёй круціць пысай. Але салідарнасць ўсе ж сярод таксістаў ёсць. Гэта ў асноўным адбываецца, калі кагосьці б'юць ці не разлічваюцца. У такіх выпадках збіраюцца таксісты. Экстранныя паведамленні прыходзяць у дадатку Zello ў канале «агеньчык». Гэта як сігнал трывогі. Многія атрымліваюць гэты сігнал, калі едуць з пасажырамі і пра гэта яны ім не заўсёды кажуць. У мяне быў такі выпадак, што ехаў з пасажырамі, якім стала цікава прыехаць на бойку.

Раней праз радыёстанцыю прасілі дапамогу. Я дзесьці ў 2005 годзе прасіў аб дапамозе, калі са мной не хацелі разлічвацца і пры гэтым бралі за шыю. Прыехалі калегі і дапамаглі.

Аднойчы мне даводзілася разнімаць таксістаў, у якіх ужо накіпела: кліенты перастаюць расплачвацца і людзі не вытрымліваюць. Усё адбываецца на эмоцыях. Тады бойка пачалася з-за нейкага наркамана з крымінальных колаў, яму паспелі так надаваць, што я своечасова разняў і выклікаў міліцыю.

Але калі паўстае пытанне барацьбы за правы таксістаў у цэлым, то салідарнасці як такой і няма. І гэта дрэнна.

Юрый, стаж 2 месяцы

- Я яшчэ не прасіў аб дапамозе, бо мала працую. Але з невялікага досведу ведаю, што кожныя выходныя пасажыры хочуць плаціць за праезд. Гэтым займаюцца п'яныя ці людзі у якіх няма грошай. Хтосьці едзе і думае, што ёсць грошы, а напраўду ўсё прапіў у карчме. Тады таксісты даюць сігнал «агеньчыку» або выклікаюць міліцыю. Я ўжо на двух такіх выкліках быў. Рэч не ў трох рублях, а рэч у тым, каб правучыць чалавека. Бывае на сігнал па 20 машын прыязджае.

Апошнія навіны