BE RU EN

Юрый Швец: Пуціну акрэслілі перыметр, крок у бок - і ракеты разгорнутыя за дзень

  • 16.11.2018, 10:35

Палітыка цывілізаванага свету ў дачыненні да Крамля імкліва змянілася.

Уварванне ва Украіну, атручэнне ў Солсберы, умяшанне ў выбары ЗША і іншыя спецаперацыі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна прымусілі Захад усвядоміць: «Расеяй кіруе малпа з гранатай, якая мае доступ да ядзернай кнопкі».

Цяпер палітыка цывілізаванага свету ў дачыненні да Крамля імкліва зменіцца: Лондан перастане быць цэнтрам адмывання брудных грошай расейскіх алігархаў, а Вашынгтон сур'ёзна мае намер разгарнуць ракетныя комплексы ў Еўропе. У гэтай сітуацыі ўкраінскай палітычнай эліце трэба нарэшце вызначыцца: альбо яна з Захадам, альбо з Расеяй, заявіў у інтэрв'ю "ГОРДОН" былы савецкі выведнік, аднакурснікі Пуціна ў інстытуце КДБ Юры Швец, які эміграваў у ЗША 25 гадоў таму і які стаў там аналітыкам бізнэс-выведкі.

- Тры гады таму ў нашым першым з вамі інтэрв'ю вы казалі, што «Пуцін можа дастукацца са сваімі пагрозамі, і ЗША ўспомняць пра свае ракеты «Першынгі» або іх сучасныя мадыфікацыі», разгорнутыя ў Еўропе. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо заявіў пра выхад з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (РСМД). Як гэта адаб'ецца на сістэме сусветнай бяспекі, якая і так была парушаная ў 2014-м, калі Расея напала на Украіну?

- Умяшанне Расеі ў выбары ў ЗША і атручэнне ў брытанскім Солсберы сталі апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення амерыканскага істэблішменту.

Цяпер мы перажываем рэальна гістарычны момант, калі кардынальна мяняецца стратэгія ЗША ў дачыненні да пуцінскай Расеі. Стратэгія ўзаемнага знішчэння, якая існавала дагэтуль, зыходзіла з таго, што людзі па той бок акіяна ў тым стане, каб зразумець: калі націснуць на чырвоную кнопку - ударам у адказ будуць гарантавана знішчаныя.

Амерыканская вайскова-палітычная эліта нарэшце зразумела, што ў асобе Пуціна мае справу з неразумным і паталагічна хлуслівым чалавекам. Зразумела, што вайсковую стратэгію з ім трэба будаваць так, каб нават ідыёту ў Крамлі стала зразумела: ён будзе знішчаны не ўдарам у адказ, а яшчэ да таго, як расейскія ракеты даляцяць да Фларыды або Каліфорніі. Таму і ўспомнілі пра ракеты сярэдняй далёкасці, якія ў варыянце «Першынгі» маглі даляцець да Масквы за 10-12 хвілін. Вось толькі час падлёту новых амерыканскіх гіпергукавых ракет будзе яшчэ меншым.

Гэта як пісталет са узведзеным курком, прыстаўлены да скроні прыдуркаватага гопніка. Гэта адказ на празрыстыя намёкі Пуціна пра гатоўнасць выкарыстоўваць ядзерную зброю, на балбатню крамлёўскай зомба-скрыні аб здольнасці ператварыць Амерыку ў радыеактыўны попел, на «з’едлівыя» «Іскандэры», на бразганне міфічнай цуда-зброяй, на вар'яцкія ідэі зладзіць Ялту-2, на якой Пуцін і Амерыка падзеляць свет на сферы ўплыву, на агрэсію супраць Украіны і іншыя «свавольствы» пуцінскай Расеі.

- Але частка экспэртаў перакананая, што мэтай выхаду ЗША з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці з’яўляецца не столькі жаданне ўцягнуць РФ у новую гонку ўзбраенняў, колькі жаданне супрацьстаяць Кітаю, размясціўшы на амерыканскіх базах у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне сучасныя ракеты.

- Дамова аб РСМД тычыцца выключна ЗША і РФ. Калі б Кітай сапраўды стаў цяпер галоўнай прычынай заклапочанасці Вашынгтона, было б дастаткова падпісаць дадатковы пратакол да дамовы аб РСМД, у якім бы гаварылася, што ён не тычыцца Азіяцкага кантынента. І ўсё, ніякага шуму аб выхадзе з існых дамоваў.

Таму будзьце ўпэўненыя: у Крамлі выдатна зразумелі, што скасаванне Амерыкай дамовы аб РСМД накіраванае менавіта супраць РФ. І сфармуляванае гэта скасаванне такім чынам, што новае пагадненне ў агляднай будучыні немагчымае.

Ніхто з Пуціным весці перамовы не будзе. Размовы скончыліся. Цяпер ЗША неўзабаве створаць новыя ракеты сярэдняй далёкасці, хутчэй за ўсё гіпергукавыя, і складуюць іх у поўнай гатоўнасці бліжэй да Масквы. А далей Пуціну акрэсляць рамкі дазволенага, выхад за якія прывядзе да неадкладнага разгортвання гэтых ракет.

Ідэя палягае ў тым, каб адбіць Пуціну жаданне гадзіць за межамі РФ і прымусіць яго сканцэнтравацца на ўнутраных справах - на развіцці эканомікі, навукі, адукацыі, на павышэнні ўзроўню жыцця народа, паляпшэнні дэмаграфіі, гэта значыць, на тым, што ён рабіць не ўмее і не любіць.

Апошнія навіны