BE RU EN

Прорва

  • ІРЫНА ХАЛІП
  • 16.11.2018, 9:17

Пра бярозкі, малую радзіму і мільярды.

«Шцірліца нястрымна рвала на Радзіму», - гэтую фразу са старога анекдота я б змясціла на велізарны плакат у менскім аэрапорце, каб менавіта яна сустракала былых суайчыннікаў.

Здавалася б, людзі з'ехалі назусім, многія - даўно, яшчэ з СССР, многія - цэлымі сем'ямі, так што сваякоў наведваць няма прычыны, шмат хто - нават не дзеля дзяцей або высокага ўзроўню жыцця, а проста, каб уратавацца ад пераследу. Там, у іншых месцах глобуса, адбыліся, зрабілі кар'еру, атрымалі новае грамадзянства, зарабілі грошы. Вандруй куды хочаш, але бярозкі і малую радзіму ніхто не касаваў. І едуць былыя суграмадзяне сюды ў пошуках даўно забытых аднакашнікаў, каб было з кім абмеркаваць тэму «а памятаеш, сядзелі мы ў піўной насупраць універсітэта, і раптам - мянты?».

Нядаўна ў пошуках юнацтва ў Беларусь прыехаў даўні знаёмы. Зрабіў ён у Амерыцы выдатную кар'еру з усімі вынікаючымі наступствамі накшталт дома, саду, добрых універсітэтаў для дзяцей і дарагіх страховак. Добрая страхоўка - адзін з галоўных атрыбутаў паспяховасці. А для былога менчука, які ўжо не заспеў тутэйшыя дзевяностыя, страхоўка стала яшчэ і прадметам для некаторай «распальцоўкі» перад старымі знаёмымі, якія засталіся тут. Такая, ведаеце, страхоўка, што калі ў яе шчаслівага ўладальніка зачэшацца нага, то да яго адразу вылеціць санітарная авіяцыя. А ўжо для падарожжаў - тая наогул дзейнічае і на крызе, дзе папанінцы дрэйфавалі, і на незаселеных выспах, і ў людаедскіх плямёнах. Але толькі, як выявілася, не тут.

З самаздаволенага вандроўцы ў зале прылёту неўзабаве злупілі 18 даляраў. За медыцынскую страхоўку, зразумела. Інакш, сказалі, у краіну не пусцяць. Ён, што звык ведаць, за што плаціць, меў неасцярожнасць спытаць: «І што мне гэтая ваша страхоўка дае?» Паненка, якая прыняла 18 даляраў, прамяніста ўсміхнулася і адказала: «Нічога!» Настальгаваць па піўнушках, прызнаўся потым знаёмы, неяк адразу расхацелася. Хоць 18 даляраў нічога не змянілі ні ў ягоным жыцці, ні ў жыцці краіны.

Стоп. Наконт краіны я, здаецца, пагарачылася. Кожны год Беларусь наведваюць блізу чатырох мільёнаў замежнікаў. Расейцаў статыстыка не ўлічвае - яны не праходзяць памежны кантроль, і ім не навязваюць страхоўкі (з іх прасцей нафтай і газам браць, выйдзе даражэй, чым па 18 даляраў з носа). Гэта значыць, кожны год дзяржава шляхам дробнага махлярства і лёгкага шантажу замежнікаў робіць з паветра больш за 70 мільёнаў даляраў. Без усялякіх затрат, калі не ўлічваць капеечныя паліграфічныя выдаткі на друк папяровых полісаў. Тут, вядома, і на «ЦАЛ Дзір БІЕ», і на пазадарожнікі для райвыканкамаў, і на штомесячную афарбоўку фасадаў дзяржустаноў у кіслотныя колеры выстарчыць.

Грошы шляхам шантажу і махлярства, зрэшты, дзяруць не толькі з прасцякоў-замежнікаў, якія чагосьці прыязджаюць сюды. Успомніце «дармаедскі» падатак, з якім дзяржава ніяк не можа развітацца і ўсё працуе з прыцягненнем найлепшых розумаў над тым, за што б з іх садраць яшчэ больш - адукацыя, медыцынскае абслугоўванне, камунальныя паслугі? І знойдзе нарэшце эфектыўную формулу адабрання грошай, ужо вы не сумнявайцеся. А яшчэ ўспомніце падатак на замежныя пасылкі - усё, што каштуе даражэй за 22 еўры, абкладаецца падаткам і яшчэ мытай. Улічваючы любоў беларусаў да «Аліэкспрэсу» (дакладней, здольнасці выжываць з яго дапамогай), атрымліваецца немалая і сталая грашовая плынь, прычым ад тых, хто дзяржаве наогул нічога не павінен.

Успомніце сталыя адлічэнні на капрамонт, калі людзі плацяць дзесяцігоддзямі, а капрамонт выліваецца ў афарбоўку лесвічных пралётаў. Успомніце дарожны падатак. Успомніце велізарныя грошы, якія нікому не давялося плаціць за ўборку ўраджаю, дзякуючы прымусовай працы школьнікаў на плантацыях. Успомніце рамонты дзяржаўных школ і дзіцячых садкоў сіламі і грашыма бацькоў.

Успомніце адціснутыя страхавой пасткай пенсіі і скрадзеныя не падаўжэннем кантракта заробкі. Гэта ўжо не мільёны - мільярды. Мільярды незаконна атрыманых дзяржавай грошай, якія ўдала дзеліць паміж сабой нейкая тысяча чалавек, якая не забывае пасмейвацца з боўдзілаў-суайчыннікаў. З боўдзілаў-замежнікаў, зрэшты, таксама, так што тут мы роўныя, нягледзячы на розніцу ў правах і даходах. Ненаедная вантробная прорва, якой усе мала. А грошы на дапамогу інвалідам і маламаёмным беларусы і праз Фэйсбук збяруць. Цукерберг жыватворчы нам у дапамогу.

Дарэчы, пра бярозкі і малую радзіму. Некаторыя мае сябры, якія нарадзіліся ў вёсках і райцэнтрах, сёлета атрымалі «лісты шчасця» з выканкамаў па месцы нараджэння. Раённыя чыноўнікі ім пішуць: паколькі цяпер у нас у краіне год малой радзімы, просім вас як мясцовага ўраджэнца зрабіць пасільны ўнёсак у развіццё вашага роднага раёна і пералічыць грошы на разліковы рахунак райвыканкама, загадзя дзякуем. Яшчэ адзін «параўнальна сумленны спосаб». Яшчэ адзін смуродны выдых прорвы.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны