Уцёкі замежных інвестараў ударылі па найбуйнейшых карпарацыях РФ
- 15.11.2018, 17:29
Расейскім карпарацыям закрылі «акно» на рынак аблігацый.
Уцёкі замежных інвестараў з расейскага пазыковага рынку праз асцярогі санкцый і падзенне рубля ўдарылі не толькі па Мінфіну, але і па найбуйнейшых расейскіх карпарацыях, піша finanz.ru.
Аб'ёмы размяшчэння карпаратыўных аблігацый на Маскоўскай біржы ў 2018 годзе зменшыліся ўдвая: за 9 месяцаў кампаніі не фінансавага сектара залучылі 650 млрд рублёў супраць 1,26 трлн год таму.
Фактычна рынак знаходзіцца ў стане «замарожвання», канстатуюць экспэрты рэйтынгавага агенцтва «Экспэрт РА».
Амаль усе паперы - гэта рэфінансаванне ранейшых запазычанасцяў. Новага капіталу здолелі прыцягнуць толькі на 100 млрд рублёў (за студзень-чэрвень) - у 7 разоў менш, чым у 2017 годзе.
Рост рынку карпаратыўных аблігацый спыніўся, паўтараецца сцэнар 2015 года, калі абрынанне коштаў нафты і першая хваля санкцый адправілі расейскую эканоміку ў самую працяглую рэцэсію з пачатку 21-га стагоддзя.
«Кан'юнктура ўнутранага рынку аблігацый істотна пагоршылася пад уплывам як вонкавых, так і ўнутраных фактараў», - пішуць аналітыкі «Экспэрта РА»: красавіцкі этап санкцый не даў адкрыцца традыцыйнаму «вясноваму акну», калі размяшчэнні дасягаюць піка.
Патэнцыял восеньскага «акна» таксама можа «застацца нерэалізаваным»: на рынак ціснуць пагроза новых санкцый, у тым ліку на дзяржзапазычанасць і валютныя аперацыі дзяржбанкаў, павышэнне стаўкі ФРС ЗША і, як следства, масавыя распродажы на рынках развіваных краін.
«Дэвальвацыя рубля прывяла да павышэння інфляцыйных чаканняў, якія таксама падаграваюць унутраныя фактары: павелічэнне ПДВ з 2019 года, рост акцызаў на паліва і падатковы манеўр у нафтагазавым сектары», - гаворыцца ў аглядзе.
Негатыўныя настроі інвестараў пацвярджае падзенне коштаў даўгавых папер: услед за АФЗ, абясцэненымі на 10% з вясны, даходнасці карпаратыўных бондаў таксама падскочылі.
Індэкс IFX-Cdonds у эфектыўнай даходнасці да выплаты вырас з 8,02 да 8,72%.
Рынак рыхтуецца да паскарэння інфляцыі - пра гэта сведчыць той факт, што карпаратыўныя пазычальнікі ўсё больш актыўна размяшчаюць паперы з не фіксаванай стаўкай. Летась іх доля дасягнула 33%, хоць у 2014-м не перавышала 16%.
Адбіваецца і палітыка ЦБ, прадаўжае «Экспэрт РА»: рэгулятар, які праводзіў актыўнае грашовае напампоўванне ў 2015-16 гадах, перайшоў да аперацый канфіскацыі ліквіднасці. На 1 кастрычніка на дэпазітах у ЦБ банкі трымалі 2,1 трлн рублёў.
Выхад нерэзідэнтаў з дзяржаўных бондаў, на жаль, падобны на пачатак канца, каментуе кіраўнік управы аналізу валютных рызык Dukascopy Bank SA Яўгенія Абрамовіч: «Гэта азначае, што, хутчэй за ўсё, у перспектыве года аб карпаратыўных пазыках можна забыцца».
У варунках замарожвання рынку не фінансавага сектара давядзецца больш актыўна спадзявацца на банкаўскія крэдыты. Гэта, аднак, «можа сур'ёзна знізіць празрыстасць расейскага карпаратыўнага сектара і павысіць залежнасць ад паводзінаў крэдытораў у частцы выстаўлення закладных патрабаванняў, кавенант, рызык саступкі пазыкі недружалюбнаму контрагенту», папярэджвае «Экспэрт РА».