BE RU EN

Брытанскія лейбарысты раскрытыкавалі пагадненне аб Brexit

  • 15.11.2018, 15:13

Апазіцыя назвала дакумент недасканалым.

Брытанскія лейбарысты выступілі супраць праекту пагаднення аб выхадзе Злучанага Каралеўства з Еўразвязу, якое было адобранае ўрадам напярэдадні. Лідар апазіцыйнай партыі Джэрэмі Корбін падчас выступу ў парламенце назваў дакумент недасканалым і заклікаў неадкладна яго адклікаць, паведамляе «Радыё Свабода».

З ягоных слоў, парламентарыі не могуць выбіраць паміж дрэнным пагадненнем і яго адсутнасцю. Прэм'ер-міністр Тэрэза Мэй у адказ заявіла, што прадстаўлены дакумент - чарнавы, канчатковую версію пакажуць пазней. Як падкрэсліла кіраўніца брытанскага ўрада, ніхто не разлічваў, што выхад з Еўразвязу будзе простым і камфортным.

У сераду ўрад Вялікай Брытаніі ўхваліў праект пагаднення аб выхадзе з Еўразвязу. Пасяджэнне, на якім абмяркоўваўся дакумент, прадаўжалася больш за пяць гадзін. Пасля яго прэм'ер Тэрэза Мэй заявіла, што ёй удалося заручыцца падтрымкай кабінета міністраў. Пры гэтым у чацвер адразу некалькі міністраў падалі ў адстаўку.

Сярод іх - міністр у пытаннях Brexit Дамінік Рааб, малодшы міністр што да Brexit Суэла Брэйверман, міністр у справах Паўночнай Ірландыі Шэйлеш Вара і міністр працы Эстэр Макві. Усе чацвёра адзначылі, што пакідаюць свае пасады праз нязгоду з пазіцыяй кіраўніцы ўрада ў дамове з Еўразвязам.

Падрабязнасці 500-старонкавага плану, які выклікаў рознагалоссі, пакуль невядомыя. Дакумент павінны апублікаваць найбліжэйшым часам. Як паведамляе ВВС, прыхільнікі жорсткага Brexit засталіся незадаволеныя дакументам і хацелі звярнуцца да Кансерватыўнай партыі з ініцыятывай вотуму недаверу Тэрэзе Мэй.

Спрэчнымі выявіліся пытанні ўзаемнага гандлю, міграцыі, а таксама межы Паўночнай Ірландыі, якая ўваходзіць у Злучанае каралеўства, і рэспублікай Ірландыя - асобнай краінай, якая застанецца ў ЕЗ. Пагадненне прадугледжвае, што Вялікая Брытанія пакуль не будзе пакідаць еўрапейскі Мытны саюз і ў гандлі будзе прытрымлівацца правілаў, устаноўленых Брусэлем. Прыхільнікі Brexit

першапачаткова выступалі супраць такога плану. Фінальны тэкст дамовы Вялікай Брытаніі і ЕЗ будзе ўзгоднены на саміце 25 лістапада. Старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск паабяцаў зрабіць усё, каб «развітанне з Брытаніяй прайшло бязбольна».

У 2016 годзе на рэферэндуме жыхары Вялікай Брытаніі прагаласавалі за выхад з Еўрапейскага Звязу. Прыхільнікі Brexit выступаюць за магчымасць кантраляваць іміграцыю ў Злучанае Каралеўства і прымаць законы без аглядкі на Еўрапейскі Звяз. Перавага прыхільнікаў выхаду з ЕЗ над апанентамі была мінімальнай (51,9% галасоў супраць 48,1%). Вялікая Брытанія павінна пакінуць ЕЗ 29 сакавіка 2019 года - з пагадненнем аб новым рэжыме ўзаемастасункаў з Еўразвязам ці без яго. Перамовы з ЕЗ аб сцэнары Brexit занялі больш за год. Неаднаразова паведамлялася аб тым, што яны зайшлі ў тупік.

Апошнія навіны