У Малдове выкрылі вайсковую групоўку, звязаную з баевікамі «ЛДНР»
- 15.11.2018, 11:19
Малдоўскія спецслужбы сачылі за групоўкай больш за год.
Чальцы выкрытага фармавання сцвярджалі, што займаюцца вайсковымі тактычнымі гульнямі, аднак спецслужбы выявілі іх сувязь з тэрарыстамі на ўсходзе Украіны, паведамілі ў Службе бяспекі ды інфармацыі Малдовы, перадае gordonua.com.
Малдоўскія сілавікі правялі спецаперацыю для абясшкоджвання незаконнага паўвайсковага фармавання, звязанага з баевікамі тэрарыстычных арганізацый «ЛНР» і «ДНР». Пра гэта 14 лістапада паведаміла Служба інфармацыі і бяспекі Малдовы.
Чальцы фармавання прыкрывалі сваю дзейнасць правядзеннем вайсковых тактычных гульняў.
Малдоўскія праваахоўнікі сачылі за групоўкай больш за год, выяўляючы наўпроставыя сувязі паміж ёй і тэрарыстамі, якія дзейнічаюць на ўсходзе Украіны.
Падчас ператрусаў выяўленыя розныя тыпы зброі, вайсковая тэхніка, боегалоўкі і гранатамёты, уключаючы восем гранат Ф-1, 260 патронаў калібру 5,45 мм і г.д. Таксама канфіскаваная самаробная выбуховая прылада. Выяўленыя сцягі і знакі адрознення, якія выкарыстоўваюцца баевікамі на Данбасе.
У спецслужбе заявілі, што групоўка мела жорсткую іерархічную структуру, яе чальцы праходзілі ідэалагічную і вайсковую падрыхтоўку.
Распачатыя дзве крымінальныя справы. Пра затрыманні ўдзельнікаў групоўкі не паведамляецца.
У ліпені Служба інфармацыі і бяспекі Малдовы заявіла, што вызначаныя асобы 56 малдаўскіх грамадзян, якія ўступілі ў шэрагі баевікоў на Данбасе.