Фінансіст даў прагноз аб дэвальвацыі ў канцы года
- 14.11.2018, 14:20
«Чорны сцэнар» магчымы ў сувязі з падзеннем сусветных коштаў нафты.
У лістападзе на сусветных біржах назіраецца значнае падзенне коштаў «чорнага золата». Дарэчы, у аўторак нафта маркі Brent апусцілася да адзнакі 66 даляраў за барэль.
У сувязі з гэтым аналітыкі «Райффайзэнбанка» выказалі здагадку, што да канца новага года расейскую нацыянальную валюту чакае дэвальвацыя, бо краіне можа не выстарчыць валюты, каб расплаціцца з вонкавымі запазычанасцямі. Паводле прагнозу, да канца 2018 года курс даляра можа перавысіць псіхалагічную адзнаку 70 рублёў нават пры коштах нафты 70 даляраў за барэль.
У экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іёсуб ацаніў імаверныя наступствы такога сцэнару для беларускай эканомікі.
- Калі мы гаворым пра дэвальвацыю беларускага рубля, мы традыцыйна маем на ўвазе змяненне курсу даляра. Хоць больш правільна было б звяртаць увагу на кошт валютнага кошыка, які адлюстроўвае дынаміку ўсіх трох валют. І даляра, і еўра, і расейскага рубля. Дык вось дэвальвацыі гэтага кошыка валют, хутчэй за ўсё, не будзе. Для гэтага пакуль проста няма прычын.
Са слоў экспэрта, дэвальвацыя ў Беларусі можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі ўлада ўключыць «друкарскі станок», значна павялічыць дапамогу дзяржпрадпрыемствам і пачне неабгрунтавана павялічваць заробкі.
Калі нічога з гэтага не здарыцца, то да кошыка валют беларускі рубель моцна дэвальвавацца не будзе. Але калі казаць пра рост курсу даляра, то тут іншая гісторыя, папярэджвае суразмоўца.
- Тут ёсць моцная сувязь з расейскім рублём. І гэта было добра відаць у красавіку і жніўні гэтага года, калі значна ўпаў расейскі рубель да даляра, а за ім аўтаматычна падаў беларускі рубель у дачыненні да амерыканскай валюты. На грубую ацэнку, падзенне расейскага рубля на 10% да даляра прыводзіць да таго, што ў нас расейскі рубель на 5% таннее, а даляр на 5% даражэе, - прагназуе Вадзім Іёсуб.
Экспэрт звяртае ўвагу, што сцэнар значнага патанення расейскага рубля да канца года - «гэта не больш чым адна з магчымых версій». Супраць расейскага рубля гуляе сур'ёзнае падзенне нафтавых коштаў. «За» - інфармацыя, што да новага года ЗША наўрад ці будуць прымаць новыя антырасейскія санкцыі.
- Калі расейскі рубель абрынецца да канца года, то мы ўбачым рост даляра да беларускага рубля прыкладна ў палову ад гэтага падзення. Калі не будзе змяншэння, то не будзе і значнага росту даляра, - робіць выснову фінансіст.