BE RU EN

Ірыну Дрыгу звольнілі з пасады першай намесніцы міністра культуры

  • 13.11.2018, 18:45

Менавіта яна змяніла межы ахоўнай зоны ў Курапатах.

Першай намесніцай міністра культуры стала Наталля Карчэўская.

Дагэтуль яна працавала першай прарэктаркай Універсітэта культуры.

У гэтай навіне больш адметны той факт, што пасаду страціла Ірына Дрыга, якая ў свой час прыйшла ў Міністэрства культуры з ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі, піша nn.by.

«Трэба сачыць і за ідэалагічным зместам навучальнай літаратуры, - заяўляла яна ў інтэрв'ю газеце «Звязда». - У якасці прыкладу можна прывесці падручнік грамадазнаўства, прызначаны для вучняў 9-х i 10-х класаў. Напрыклад, раздзел пра палітычных лідараў суправаджаецца фотаздымкамі кіраўнікоў дзяржаў «вялікай васьмёркі». Але ці трэба нашым дзецям ведаць у твар кіраўнікоў Індыі ці Бразіліі?

Ці не лепш было змясціць фатаграфію «прэзідэнта» Беларусі з кіраўнікамі краін СНД?» - гаварыла яна.

У міністэрстве культуры Дрыга таксама адказвала за ідэалогію. Напрыклад, яна забараняла выступы гарадзенскаму гурту «Dzieciuki». Фільм «Мы, браты», які ў выніку праваліўся ў пракаце, Дрыга пракаментавала: «Нельга сказаць, што фільм не спадабаўся беларускаму гледачу».

Адзначылася Ірына Дрыга і ў гісторыі з Курапатамі. Менавіта яна ў 2014 годзе ад імя Міністэрства культуры падпісала дакумент, што змяняў межы ахоўнай зоны мемарыяльнага ўрочышча, што і дазволіла пабудаваць скандальную рэстарацыю.

У 2017 годзе сацыял-дэмакраты ініцыявалі ўсталяванне ў Менску дошкі ў гонар правядзення Першага Усебеларускага з'езда, аднак менавіта Дрыга падпісала дакумент, які забараняў і гэтую ініцыятыву.

Ірына Дрыга нарадзілася ў 1970 годзе. Яна кандыдат педагагічных навук, бібліёграф.

Апошнія навіны