У справе Хашогі з'явіліся довады супраць саудаўскага прынца Сальмана
- 13.11.2018, 14:10
Праслуханыя запісы тэлефоннай размовы.
У справе аб забойстве журналіста Джамаль Хашогі з'явіліся сур'ёзныя довады, якія сведчаць пра магчымае дачыненне да гэтага злачынства наследнага прынца Саудаўскай Арабіі Мухамеда бен Сальмана Аль Сауда.
Адзін з чальцоў групы, якая ліквідавала Хашогі ў Саудаўскім консульстве ў Стамбуле, неўзабаве пасля забойства сказаў свайму начальніку праз тэлефон, што той можа паведаміць "свайму шэфу" пра вынік, паведаміла ў аўторак, 13 лістапада, газета The New York Times.
Амерыканскія спецслужбы мяркуюць, што пад "шэфам" маецца на ўвазе прынц Сальман, хоць яго і не называюць па імені. "Больш сур'ёзныя довазы, чым такі тэлефонны званок, атрымаць проста немагчыма. Гэта вельмі кампраметуючыя звесткі", - заявіў у інтэрв'ю газеце былы супрацоўнік ЦРУ Брус Рыдлі.
Прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган у канцы мінулага тыдня ўпершыню афіцыйна прызнаў існаванне аўдыёзапісаў, звязаных з забойствам Хашогі. Ён падзяліўся гэтымі матэрыяламі з цэлым шэрагам замежных спецслужбаў, у тым ліку з ЦРУ ЗША. І турэцкія афіцыйныя асобы, і амерыканскія спецслужбы падкрэсліваюць, што гэтыя аўдыёзапісы, нягледзячы на іх характар, усё ж не з'яўляюцца бясспэрэчным довадам датычнасці Сальмана да забойства журналіста.
Экспэрты, аднак, мяркуюць, што цяпер на Белы дом будзе рабіцца яшчэ больш моцны ціск з мэтай прымусіць яго прыняць санкцыі супраць Эр-Рыяда. Пасля таго, як рэспубліканцы ў выніку прамежкавых выбараў у Кангрэс пазбавіліся большасці ў Палаце прадстаўнікоў, камітэт справаў выведкі ў гэтай палаце ўзначаліць дэмакрат.