Беларускім журналістам прадаўжаюць выстаўляць абвінавачанні паводле «справы БелТА»
- 13.11.2018, 12:09
З журналістаў патрабуюць грошы.
Журналістам, якіх абвінавачваюць у прычыненні фінансавых страт дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА, прапануюць кампенсаваць гэтыя грошы, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Аднак, нават калі журналісты і выплацяць выстаўленыя ім сумы, гэта ніякім чынам не здымае з іх абвінавачанні, не вызваляе ад судовага разбору.
Абвінавачванні ўжо выставілі шасці рэдактарам tut.by.
Абвінавачванне выстаўлена галоўнай рэдактарцыБелаПАН Ірыне Леўшынай, аглядальніцы БелаПАН Таццяне Каравянковай, карэспандэнту Deutsche Welle Паўлюку Быкоўскаму і галоўнаму рэдактару партала Realt.by Уладзіславу Кулецкаму.
Вядома, што некаторыя фігуранты «справы БелТА» пакуль не хочуць, каб іх імёны выдавалася.
Галоўная рэдактарка інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына пасля допыту ў Следчым камітэце распавяла, што ёй выстаўленая вялікая сума шкоды, якую трэба выплаціць. Таксама следчыя вярнулі рэчы, якія забралі пасля ператрусу: нататнікі, тэлефонную кнігу.
- Гэта было выстаўленне абвінавачвання. Я не прызнала сваёй віны, на некаторыя пытанні адмовілася адказваць. Гэта была хутчэй размова са следчым. І я яшчэ раз пераканалася, што следчыя ўсё разумеюць, і што ім было даведзена, што трэба рабіць. Усім усё зразумела. Агульная сума, якую мне прапанавалі выплаціць, - больш за 12 тысяч рублёў.
БелаПАН працуе ў ранейшым рэжыме.
Сумы шкоды, прычыненай БелТА, усім журналістам назвалі розныя.
Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній tut.by і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўная рэдактарка tut.by Марына Золатава, рэдактаркі партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародная аглядальніца інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Павал Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў.
Усе яны правялі па некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўразвяз, Рада Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
25 верасня рэдактар партала tut.by Дзмітрый Бобрык выступіў з заявай у сваім Facebook. Журналіст паведаміў, што з самага пачатку расследавання паводле «спраы БЕЛТА» на яго ціснулі, яму пагражалі раскрыццём дэталяў з асабістага жыцця.