BE RU EN

Экс-рэдактар «Ваяра», які ачарняў апазіцыю, распускаў чуткі пра сотні загінулых у «Арэна-Сіці»

  • 13.11.2018, 11:51

Уладзімір Кажэўнікаў трапіў у скандал.

Уладзімір Кажэўнікаў доўгі час працаваў рэдактарам агенцтва «Ваяр», быў супрацоўнікам Міністэрства абароны. Запомніўся сваімі публікацыямі, дзе ачарняў апазіцыю, піша nn.by.

Пасля здарэння ў гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці» Кажэўнікаў напісаў у сваім фэйсбуку: «Груды металу абрынуліся на наведвальнікаў. Цяпер завалы разбіраюць уручную. Колькі чалавек загінула, высветліць пакуль немагчыма. Выжылыя відавочцы кажуць пра сотні загінулых».

Напраўду пры абрушэнні падвеснай столі ў «Арэна-Сіці» пацярпелі два чалавекі, ніхто не загінуў.

«У Рэспубліцы Беларусь (так правільна называецца па-расейску дзяржава) чыноўнікі хаваюць маштабы трагедыі. Ім нявыгадна пісаць праўду пра наступствы абрушэння перакрыцця ў гандлёвым цэнтры. Завалы яшчэ не разабраныя, а яны хаваюць многіх ахвяр», - адзначыў Кажэўнікаў.

Уладзімір Кажэўнікаў родам з Яраслаўля (Расея). У 2015 годзе Кажэўнікаў, працуючы ў Міністэрстве абароны, пісаў, што Беларусь з'яўляецца часткай «расейскага свету», а назву краіны ён прынцыпова пісаў «Белоруссия». Неўзабаве ён быў звольнены з «Ваяра». Зарабляе грошы тым, што піша сцэнары для расейскіх стужак. Жыве ў Маскве.

Апошнія навіны