BE RU EN

У Таджыкістане спрабавалі падарваць расейскую вайсковую базу

  • 13.11.2018, 10:42

Арыштаваныя 12 чалавек.

Спецслужбы Таджыкістана заяўляюць, што арыштавалі 12 чалавек, якія на заданне экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» рыхтавалі выбух у камендатуры 201-й расейскай вайсковай базы ў Душанбэ, паведамляе «Радыё Свабода».

Адзначаецца, што групу мужчын затрымалі 4 лістапада.

«Правадыром групы быў нейкі Сухроб, жыхар горада Вахдат. Вядома, што ён раней знаходзіўся ў Кыргызстане ды Іране, затым праз турэцкую тэрыторыю перабраўся ў Сірыю, дзе ваяваў на баку «ІД», - паведаміла крыніца ў камітэце нацыянальнай бяспекі Таджыкістана.

Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.

Між тым стала вядома, што допыт меркаванага лідара групоўкі адбываўся недалёка ад паказанай вайсковай базы. У распараджэнні выдання трапіла фота меркаванага допыту: на ім бачна, як некалькі супрацоўнікаў спецслужбаў у масках дапытваюць арыштаванага.

Відавочцамі допыту сталі мясцовыя жыхары.

«Арыштаваны казаў, што яны збіраліся зладзіць выбух у вайсковай базе за тое, што расейцы ў Сірыі ваююць супраць «ІД», - распавёў адзін з відавочцаў.

Нагадаем, вайсковая аперацыя Расеі ў Сірыі пачалася ў канцы 2015 года. За месяц да гэтага Масква падпісала з Дамаскам пагадненне аб размяшчэнні расейскай авіяцыйнай групы на базе ў сірыйскай правінцыі Латакія ў раёне аэрадрома Хмеймім на бестэрміновы перыяд і на бязвыплатнай аснове. Там расейскія войскі вядуць баі, у тым ліку супраць «Ісламскай дзяржавы».

Апошнія навіны