BE RU EN

Як выглядае ўсярэдзіне новы будынак Вярхоўнага суда з гербам-«капустай» за $112 тысяч

  • 13.11.2018, 8:15

З абсталяваннем аб'екта звязаны шэраг нятанных закупак.

На мінулым тыдні СМІ паказалі, як будаваны будынак Вярхоўнага суда выглядае звонку.

Цяпер жа ў распараджэнні tut.by апынуліся здымкі знутры гэтага будынка. Глядзіце, як выглядаюць інтэр'еры суда, які дабудуюць у 2019 годзе.

Новы будынак Вярхоўнага суда будуюць на вуліцы Арлоўскай, непадалёк ад Палаца незалежнасці. Звонку збудаванне візуальна выглядае амаль гатовым, а вось інтэр'еры для грамадскасці цяпер недаступныя.

Як бачым, у фае галоўнага ўваходу ўсталяваная статуя Феміды, сцяна ўпрыгожаная шклянымі вітражамі, на столі вісяць некалькі свяцільняў. Мяркуючы з фота, засталося толькі ліквідаваць малыя недаробкі і распакаваць мэблю.

Таксама цяпер у будынку працуе ўжо значна менш людзей. Візуальна працы засталося на некалькі месяцаў.

Нагадаем, на мінулым тыдні мы паказвалі, што адбываецца на пляцоўцы каля суда. Там былі выкананыя практычна ўсе працы, аж да ўсталявання лавак, сметніц і слупкоў ад заезду аўто.

А яшчэ раней СМІ пісалі аб фінансаванні гэтага аб'екта. Так, паводле распараджэння Лукашэнкі, фінансаванне работ для праектавання і будаўніцтва ажыццяўляецца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў рамках дзяржаўнай праграмы на чарговы год, бюджэту Менска, інвестараў ды іншых крыніц. Напрыклад, на будоўлю давялося раскашэліцца іранскай кампаніі «Кейсан»: гаворка ішла пра суму два мільёны даляраў у якасці хабару за тое, што ім працягваюць тэрміны ўзвядзення «Магніта Менска».

Акрамя таго, з абсталяваннем аб'екта звязаны і шэраг нятанных закупак. Напрыклад, герб і надпіс «ВЯРХОЎНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» для фасада каштуюць больш за 112 тысяч даляраў. Таксама ў завода «Каскад» для хола галоўнага ўваходу закупілі крыштальную свяцільню індывідуальнага вырабу амаль за 90 тысяч даляраў. Знайшліся сярод тэндараў закупкі на пастаўку мастацкіх вырабаў больш як на 800 тысяч даляраў і ўсталяванне фантана з асвятленнем амаль за 300 тысяч даляраў.

Апошнія навіны