BE RU EN

Ксёндз-пробашч Андрэй Радзевіч: Заўсёды беларусы і палякі жылі ў згодзе

  • 12.11.2018, 12:45

100-годдзе незалежнасці Польшчы адзначылі ў Бярозаўцы.

У касцёле парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы ў салідарнасць з палякамі, якія жывуць у гэтай мясцовасці, а таксама з палякамі ва ўсім Свеце, адзначылі 100-годдзе незалежнасці Польшчы, перадае «Радыё Рацыя».

Пасля імшы сябры згуртавання польскай культуры ў Бярозаўцы павіншавалі ўсіх з гэтай гістарычнай датай, пасля чаго зладзілі для прысутных невялікі канцэрт, на якім выканалі як духоўныя, так і патрыятычныя польскія песні.

Ксёндз-пробашч Андрэй Радзевіч зазначыў, што тыя падзеі 100-гадовай даўніны маюць непасрэднае дачыненне і да гэтай мясцовасці, таму пра іх варта памятаць і ўсведамляць: «Мы павінныя памятаць і разам радавацца, каб не дзяліліся і не мелі прэтэнзій адныя да другіх – палякі да беларусаў, а беларусы – да палякаў. Калі мы глядзім на гісторыю, то мы бачым асабліва тут, на гэтых землях, заўсёды беларусы і палякі жылі ў згодзе. Мы павінны гэта далей падтрымліваць і старацца жыць у згодзе і братняй любові паміж сабой».

Услед за іншымі краінамі Усходняй Еўропы Польшча здабыла сваю незалежнасць 11 лістапада 1918 года. 100-гадовы юбілей гэтай памятнай даты шырока адзначылі палякі як у самой Польшчы, так і па ўсім Свеце.

Апошнія навіны