BE RU EN

СМІ: Злоўлены ў Аўстрыі шпіён перадаваў у Расею інфармацыю пра NATO

  • 10.11.2018, 15:24

Гаворка ідзе пра звычкі афіцэраў NATO, іх недахопы, перавагі ў харчаванні.

Аўстрыйскі вайсковец, якога выкрылі ў рабоце на расейскую выведку, перадаваў у Маскву інфармацыю пра NATO. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе Salzburger Nachrichten.

Паводле звестак выдання, афіцэр наведваў семінары, арганізаваныя Паўночнаатлантычным блокам, і перадаваў атрыманую інфармацыю ў Расею.

Звесткі, якія паступалі ў Маскву, крыніцы Salzburger Nachrichten называюць «мяккімі». Гаворка ідзе пра звычкі афіцэраў NATO, іх недахопы, перавагі ў харчаванні. Падазраюць таксама, што выяўлены шпіён перадаваў куратарам нумары тэлефонаў з карпаратыўнай сеткі аўстрыйскага войска.

Мяркуюць, што зламыснік сачыў і за міграцыйнымі працэсамі ў краіне, але падчас крызісу 2015-2016 гадоў ён ужо выйшаў на пенсію. Апошняе месца працы падазраванага ў шпіянажы - падраздзяленне планавання ў міністэрстве абароны Аўстрыі.

Суразмоўца выдання, знаёмы з падазраваным, адзначыў, што той «быў ціхім і незаўважным тыпам», і выключыў ідэалагічную падставу для ягонага супрацоўніцтва з РФ.

9-га лістапада выданне Krone Zeitung паведаміла, што ў Аўстрыі раскрылі агента, які 20 гадоў працаваў на расейскую выведку. За сваю працу неназваны палкоўнік атрымаў €300 тыс.

Міністр замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль скасаваў візіт у Расею. Аўстрыйскага пасла выклікалі ў міністэрства замежных спраў РФ і заявілі яму пратэст.

Апошнія навіны