BE RU EN

Пад Гомелем вяскоўцы абвясцілі страйк

  • 9.10.2018, 15:30

Даяркі і механізатары ААТ «Някрашынскі» сёння не выйшлі на працу.

9 кастрычніка даяркі і механізатары ААТ «Някрашынскі», жыхары вёскі Валосавічаў Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці не выйшлі на працу.

«Раённая ўлада звольніла нашага дырэктара; у нас ніхто не спытаў, прычын не патлумачылі. Мы супраць», - патлумачыла «Радыё Свабода» адна з даярак, Валянціна.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Някрашынскі» 19 гадоў узначальваў Васіль Лаханскі. Даяркі і механізатары хваляць яго.

«Найлепшага, чым ён няма кіраўніка. Ён для нас стараўся. У нас у калгас едуць з іншых вёсак працаваць. Мы будзем гарой стаяць за свайго дырэктара, адмаўляемся выходзіць на працу, пакуль яго не вернуць», - заявіла Валянціна.

Да вяскоўцаў прыехаў старшыня Кастрычніцкага раённага аб'яднання прафзвязаў Сяргей Зарычны.

«Ён нас угаворвае выйсці на працу. Але прычыны звальнення дырэктара нам не тлумачаць. Чалавек столькі гадоў адпрацаваў тут - і так яго растаптаць», - абураецца даярка.

Паводле яе слоў, цяпер у Валасовічы прыехалі прадстаўнікі Кастрычніцкага райвыканкама і міліцыі, але да людзей яны не падыходзяць.

«Яны хаваюцца за лазняй. Сядзяць у сваіх аўтамабілях. Не, каб выйсці і пагаварыць з намі, растлумачыць сітуацыю», - дадала Валянціна.

У Кастрычніцкім райвыканкаме адказалі журналістам, што ведаюць пра сітуацыю і «разбіраюцца», але таксама не назвалі прычыны звальнення дырэктара.

Апошнія навіны