У Рэчыцкім раёне пасяліўся вярблюд
- 6.10.2018, 12:25
У жыхара Гомельскай вобласці з'явіўся незвычайны гадаванец – двухгорбы вярблюд Гоша.
Каб даставіць экзатычную жывёлу ў беларускую глыбінку, яго правезлі некалькі тысячаў кіламетраў на спецыяльным транспарце: з Казахстана праз Маскву і Бранск, паведамляе БТ.
Паводле новай прапіскі Гоша цяпер жыхар вёскі Граноўка Рэчыцкага раёна. З палескім кліматам звыкся адразу. За дзень з'ядае 40 кілаграмаў сена, любіць ласавацца буракамі, яблыкамі і хлебам.
Сяргей Антоненка, гаспадар вярблюда, апавядае:
«Мы гуляем, мы пасвім яго. Суседзі нармальна рэагуюць, яны ведаюць, што ў нас вярблюд, яны прыводзяць сюды сваіх дзяцей і ўнукаў. Да гэтага ўсе спакойна ставяцца. Таму нічога дзіўнага для суседзяў у тым, што вярблюд шпацыруе ў нас па вуліцы».
Яшчэ ў Сяргея на апецы в'етнамскія чорныя свінні, авечкі, козы, коні, поні і гусі. У планах – павялічыць калектыў хатняга міні-заапарка. Неўзабаве сюды прывязуць асла, альпака, а таксама фазанаў і паўлінаў.