BE RU EN

«Больш за ўсё здзівіла сума, выкладзеная за тур на 10 дзён»

  • 5.10.2018, 9:50

Маладыя беларусы падзяліліся ўражаннямі ад аднаго з найлепшых айчынных санаторыяў.

Жыхары Менска Яўген і Аксана, якім па 30 з гакам, штогод бавяць адпачынак за мяжой. Яны адпачывалі ў Грэцыі, Чарнагорыі, Гішпаніі, Італіі ды іншых еўрапейскіх краінах. Але ў верасні гэтага года пара ўпершыню ў жыцці прабавіла частку адпачынку ў санаторыі – знакамітым «Радоне», што на Гарадзеншчыне. Таму было цікава даведацца пра ўражанні маладых людзей, здольных параўнаць сэрвіс з убачаным у краінах Еўропы.

Вось што распавёў «Салідарнасці» Яўген:

- Чаму паехалі ў «Радон»? Ніколі пра такі адпачынак не марылі, гэта быў падарунак сваякоў – тур на дваіх на 10 дзён. Больш за ўсё ўразіла сума, выкладзеная за яго, - 700 даляраў. Калі б мы не пагадзіліся, то тур прапаў бы, таму разважылі, што адмаўляцца ад такой магчымасці будзе глупствам.

Жылі ў «Радоне» ў дзвюхасабовым нумары - звычайны эканомклас для еўрапейскіх краін. Нічога добрага і нічога дрэннага сказаць не магу. Адзінае - балкон выглядаў страшнавата.

Туалетная папера была самая танная, якую толькі можна знайсці ў крамах. Аднаразовых набораў (мыла/гель/шампунь) у ванным пакоі не было - толькі вельмі вадкае мыла ў душы.

Фота: otpusk.by

Практычна адразу па прыездзе зразумелі, што з боку медыцынскіх спецыялістаў, калі не станем браць дадатковыя працэдуры, да нас будзе мінімальная ўвага. А каштавалі яны ў «Радоне» нятанна. Да прыкладу, шакаладнае абкручванне абышлося б на 53 рублі. У Менску такую паслугу куплялі ў прэстыжным spa-салоне са зніжкай за 40 рублёў.

ЛЯЧЭБНАЯ ВАННА.
ФОТА: OTPUSK.BY

Здалося, што многае зроблена для таго, каб акрамя аплачанага тура выцягнуць з цябе яшчэ больш грошай. Прыехаўшы ў санаторый, са здзіўленнем даведаліся, што там ёсць толькі платная паркоўка, якую трэба дадаткова аплачваць. Бясплатна пакінуць аўто не было дзе. Мы такога раней нідзе не сустракалі.

Wi-fi у санаторыі быў жахлівым. Размаўлялі з расейцамі: ім яго не ставала, каб патэлефанаваць сваякам праз мэсэнджар. У найлепшым выпадку ўдавалася напісаць тэкставыя паведамленні. І гэта гаворка ідзе толькі пра wi-fi у фае на паверхах. У нумарах яго ў прынцыпе не было.

Асобна хачу сказаць аб харчаванні ў сталовай. Кармілі самым танным, што можна знайсці ў крамах. Пры гэтым ежы было больш чым дастаткова. Да прыкладу, кожны вечар нам давалі па пачку кефіру. Ці не лепш было б карміць пастаяльцаў больш якаснай ежай замест таго, каб закідваць іх гарой лішняга?

У ЛЯДОЎНІ ЗАПАСІЛІСЯ НЕЗАПАТРАБАВАНЫЯ ПРАДУКТЫ.

Які-небудзь рыс распаўзаўся па талерцы напаўвадкай масай. І гэта не было звязана з тым, што ў санаторыі сачылі за дыетычным харчаваннем. Нярэдка ў стравах прысутнічаў і маянэз. Нам прапаноўвалі булачкі, якіх я, напэўна, не бачыў з дзяцінства, і якія здаровай ежай назваць цяжка. Былі і такія сітуацыі: чытаеш у меню - гарнір са шпінату. А фактычна наварылі бульбы, дадалі ў яе трохі шпінату для колеру і ўсё размазалі ў пюрэ.

Фота: otpusk.by

У санаторыі былі і іншая моладзь, але ўсё ж асноўная маса была прадстаўленая людзьмі 50-60 гадоў. Практычна штодня перад абедам на ўваходзе ў сталоўку нас сустракалі прадстаўнікі беларускай эстрады - гэта была такая рэклама вечаровага канцэрта гэтых музыкаў. Іх творчасць была відавочна не для моладзі. Наогул адчувалася атмасфера 80-х.

Ніякіх цікавых для нас забавак у санаторыі або побач з ім не было. Але, з іншага боку, штодзённыя працэдуры і перапынкі паміж імі займалі большую частку дня, вольнага часу заставалася не так шмат. Дастаткова было шпацыру каля возера і лесу. Вадаём невялікі, але там можна пакарміць качак. Лес файны: камфортна прайсціся, вельмі прыемна дыхаць.

Не скажу, што адпачынак у «Радоне» пакінуў негатыўнае ўражанне, але кошт за тур з такім невысокім узроўнем сэрвісу падаўся моцна завышаным. Мне цяжка ўявіць, што з часам мы надумаем прыехаць туды за свае грошы.

Апошнія навіны