BE RU EN

Томас Мор са сваёй утопіяй адпачывае

  • 30.10.2018, 13:01

Лукашэнка сам не ведае, куды мы прыйшлі.

Пра гэта адзначыў на primus.by кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка ў каментары слоў Лукашэнкі, які заявіў, што ўрад павінен займацца «чорнай працай»:

- Вось ходзяць яны, паперкамі «пляскаюць», а тут хрэнацень пайшла кругом. Дажджы пайшлі, бульбы сабралі мала, а збожжа наогул удвая менш. А навошта Лукашэнку ўрад? Яны ў яго павінны бегаць. Cкажам, раз - паехаў на рыбакомплекс, рыбку патрымаў. Раз - паехаў на мост глядзець. Гэта ўзровень нашага ўраду.

Вы бачылі гэтыя праекты? Я, як наіўны чалавек, раней іх чытаў. У 90-х яны прыдумалі праграму развіцця і прынеслі яе Лукашэнку. А вы ж ведаеце, што ён за чалавек. Яму ніякая праграма не патрэбная. Ён сам сабе праграма.

А праграмы там былі, Божа мой. Тысячу даляраў заробак, ВУП удвая павялічыць, дамагчыся заваёвы калязямных тэрыторый. Томас Мор са сваёй «Утопіяй» адпачывае. Бедны, забіты манах, у яго нават кампутара не было, а ў нас раздрукоўкі. Адзін бюджэт чаго каштуе.

А вы бачылі гэтыя дзяржпраекты? Чытаеш - 20-я cтаронка, 30-я старонка, ведаеце, у мяне на 20-й старонцы з'яўляецца пачуццё, якое адчувае цяжарная жанчына. Пачуццё млоснасці.

Ну, паставілі яны Сяргея Румаса прэм'ер-міністрам. Што змянілася? Ведаеце, я б замяніў чыноўнікаў ад Мінфіна робатамі, каб яны казалі: «Добры дзень», а другая фраза: «Грошай няма, трымайцеся».

Што такое для Лукашэнкі прэм'ер-міністр, калі б ён хацеў, ён бы мяняў кожны тыдзень, было б 50 прэм'ераў, толькі ў навагоднія святы б іх не мяняў, каб не мітусіцца. Была б ратацыя. Старшыня райвыканкама становіцца прэм'ерам і наадварот. А ніхто б і не запомніў. Вось яна фундаментальнасць, мы дваццаць пяць гадоў гаворым-гаворым, а тут ізноў словы пра гной.

Я назіраю ў словах Лукашэнкі «андрапізм». У Андропава былі словы, ад якіх навукоўцы-грамадазнаўцы затаіліся і забаяліся. Ён тады яшчэ не быў ва ўладзе, толькі да яе прыходзіў. Тады ён сказаў: «Мы не ведаем грамадства, якое мы пабудавалі». А людзі абаранялі доктарскія, кандыдацкія, атрымлівалі інфаркты, інсульты, перадрукоўвалі, выдавалі кнігі. Вывяралі кожную фразу: пры сацыялізме тавар перастае быць таварам. А Юрый Уладзіміравіч Андропаў сказаў, што мы самі не ведаем таго грамадства, якое мы пабудавалі. Так і Лукашэнка. Ён не ведае, ад якога грамадства і куды мы прыйшлі. Ахлакратыя, ці што гэта.

Ведаеце, яшчэ Ленін пісаў, што дробная таварная вытворчасць нараджае капіталізм. Раю «атачэнню» і самому Лукашэнку, можа, нават на сваім сайце напісаць: давайце ісці ленінскім шляхам. Асабліва, калі быў НЭП, залаты рубель і Ясенін казаў, што ў Парыжы і Берліне савецкія рублі прымаюць з большай ахвотай, чым нямецкія маркі.

Апошнія навіны