РПЦ прыпыніла ўдзел у дзейнасці Камісіі пра дыялог з Каталіцкім Касцёлам
- 23.10.2018, 10:51
У Ватыкане прадбачылі магчымасць такога кроку.
У Ватыкане 19 кастрычніка адбылася сустрэча кіраўніка Аддзела замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна (Алфеева) з Папам Рымскім Францішкам.
Папа Францішак цёпла прывітаў расейскага іерарха, які ў якасці назіральніка ад Расейскай Праваслаўнай Царквы ўзяў удзел у пленарнай сесіі XV Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў і выступіў перад яе ўдзельнікамі з прамовай, паведамляе patriarchia.ru.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны актуальныя пытанні стасункаў паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам. Асаблівая ўвага была звернутая на царкоўную сітуацыю ва Украіне. Расейскі іерарх пазнаёміў Святога Айца з пастановамі, прынятымі Сінодам РПЦ 15 кастрычніка ў сталіцы Беларусі.
Мітрапаліт Іларыён адзначыў, што ў сувязі з дзеяннямі Канстанцінопальскага Патрыярхата Расейская Праваслаўная Царква «вымушана прыпыніць удзел у працы Змешанай міжнароднай камісіі пра тэалагічны дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.
Тым не менш, як падкрэсліў расейскі іерарх, двухбаковыя стасункі паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам будуць развівацца і далей.
У Ватыкане прадбачылі магчымасць такога кроку з боку Расейскай Праваслаўнай Царквы.