BE RU EN

У барацьбе за права на мірны сход актывістка прафзвязу РЭП дайшла да ААН

  • 18.10.2018, 14:23

Алена Лінкевіч мяркуе, што ўлады Беларусі парушылі яе канстытуцыйныя правы.

18 кастрычніка кіраўніца Рэчыцкай прафгрупы прафзвязу РЭП Алена Лінкевіч абскардзіла ў Камітэце ААН правоў чалавека забарону пікета супраць умяшання ўлад ва ўнутраныя справы Беларускага незалежнага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), піша гомельская «Весна».

У звароце ў незалежны орган міжнароднага расследавання прафсаюзная актывістка заявіла, што забарона Рэчыцкім райвыканкамам пікету з'яўляецца парушэннем яе грамадзянскіх правоў на мірны сход і як следства на свабоднае выказванне свайго меркавання.

Са слоў праваабаронцы Леаніда Судаленкі, яны ў гэтай справе выкарыстоўвалі ўсе сродкі прававой абароны ў краіне.

«Беспаспяхова абскардзілі забарону ў адпаведных беларускіх інстанцыях да Вярхоўнага суда. Чыноўнікі забаранілі правядзенне пікета ў сувязі з тым, што планавалася правесці пікет не на месцы, вызначаным уладамі для такіх мерапрыемстваў. Акрамя таго, на грамадзян, якія з'яўляюцца арганізатарамі масавых мерапрыемстваў, ускладзеныя неадпаведныя абавязкі ва ўкладанні аплатных дамоваў на абслугоўванне мерапрыемстваў, што ў гэтым выпадку не было выкананае», - пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.

Леанід Судаленка ўпэўнены, што Камітэт прызнае парушэнне правоў заяўніцы і беларускія ўлады павінны будуць стварыць у горадзе Рэчыцы ўмовы для выражэння меркаванняў грамадзян у людных месцах горада.

Нагадаем, актывісты незалежнага прафзвязу РЭП на пачатку года актыўна пратэставалі, заяўляючы пікеты салідарнасці ў яго падтрымку. У Гомельскім рэгіёне пікеты былі заяўленыя таксама ў Мазыры, Светлагорску, Ветцы, Добрушы і Гомелі. Улада не дазволіла ніводнага з заяўленых мерапрыемстваў.

Апошнія навіны