BE RU EN

Менскі храм купіў для патрыярха Кірылы люстры за $100 000

  • 17.10.2018, 15:22

Менавіта ва Усясвяцкай царкве адслужыў Усяночнае трыванне кіраўнік РПЦ.

У верасні Усясвяцкі храм у Менску нечакана наважыў закупіць 25 жырандоляў агульным коштам... 212 тысяч рублёў. На самую дарагую з іх выдаткавалі 61 тысячу рублёў. Чатыры жырандолі паменшыя абышліся царкве ў 21 тысячу рублёў кожная, паведамляе Еўрарадыё.

Тэндэр прайшоў вельмі хутка. Кантракт на пастаўку быў заключаны даслоўна за тры тыдні. Адкуль такі паспех? Супадзенне гэта ці не, але менавіта ва Усясвяцкай царкве падчас візіту ў Менск адслужыў Усяночнае трыванне патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Гундзяеў).

Галоўны інжынер храма Аляксандр Канончык, распавёў, што ў іх усё робіцца згодна з праектнай дакументацыяй. Аднак ён адмовіўся даваць тлумачэнні пра закупку свяцільняў перад асвятленнем храма патрыярхам Кірылам:

«У нас усё робіцца згодна з праектнай дакументацыяй. Цікаўцеся гэтай тэмай? Ну так трэба было прыязджаць 14 кастрычніка на асвятленне і паглядзець на гэтыя свяцільні. Ніякіх каментароў пра закупку я даваць вам не буду».

Тэндэр на пастаўку люстраў выйграла кампанія «Эксклюзіўліт», вядомая мінчукам па скульптурнай кампазіцыі ля цырка.

«Эксклюзіўліт» раней ужо выконваў працы ў Усясвяцкім храме - вырабляў для яго дэкаратыўныя рашоткі.

Цікавае пытанне: як у царкве служылі да гэтай нятаннай закупкі? Пры святле лампадкі?

А вось і не. Папярэднія тэндэры паказваюць, што храм закупляе дарагое асвятленне не ўпершыню. У 2017 годзе на свяцільню «Хорас» царква выдаткавала... 309 тысяч рублёў. Вырабленая з паліраванай латуні, свяцільня важыць больш за тону. 12 метраў у дыяметры, 96 стылізаваных свечак. Па-царску.

У той жа час заяўлялася, што ў храме ўсталяваная сістэма «разумнага святла», якая дазволіла адмовіцца ад ўстаноўкі амаль 800 жырандоляў. Навошта ўсяго праз год закупляюцца новыя свяцільні? Нешта пайшло не так? Або, каб асвятліць патрыярха правільна, «разумнага святла» недастаткова?

Добра толькі, што цяпер вернікі дакладна ведаюць, куды ідуць іх ахвяраванні.

Апошнія навіны