BE RU EN

«У мяне траўма рукі, яна дрэнна працуе, мабыць, зачапіў спуск»

  • 16.10.2018, 14:15

Шараговец, якога судзяць за гібель жаўнера Дзмітрыя Удода, адмовіўся ад адваката.

25-гадовы Сяргей Крупа цалкам прызнае сваю віну ў тым, што праз ягоную памылку загінуў кіроўца-механік Дзмітрый Удод, піша tut.by.

У залю суду Менскага раёна абвінавачаны Сяргей Крупа прыходзіць у вайсковай форме. Хлопец выглядае разгубленым, прыгнечаным, ён не садзіцца на лаву, а стаіць перад трыбунай у чаканні суддзі. На суд шараговец прыйшоў без адваката, ад паслугаў абаронцы адмовіўся і падчас самога працэсу.

Паводле версіі следства, 4 траўня падчас баявой падрыхтоўкі ад агнястрэльнага ранення загінуў 20-гадовы Дзмітрый Удод. Абвінавачванне на падставе ч.2 арт. 463 КК (Парушэнне правілаў абыходжання са зброяй, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) выстаўленае 25-гадоваму намесніку камандзіра баявой машыны Сяргею Крупе. Шарагоўцу 25 гадоў, родам з Мазыра. У яго сярэдне-спецыяльная адукацыя, у войска быў прызваны ў 2017 годзе.

- Хацеў служыць, мяне прызвалі ў 24 гады. Адтэрміноўку давалі праз траўму рукі ў дзяцінстве, ну, і сэрца там, - распавядае ў судзе Сяргей Крупа.

Сваю віну шараговец прызнае цалкам. Нягледзячы на гэта, мама загінулага жаўнера просіць не караць Крупу, тлумачыць: атрымалася выпадкова, і прысуд ужо не верне ёй сына. Сёння жанчына ў судзе не прысутнічае, яна прыедзе заўтра ў Менск з Гомельскай вобласці і выступіць у працэсе.

- У красавіку выбіралі найлепшы экіпаж Узброеных сіл. Мы таксама ўдзельнічалі ў гэтым, - распавядае Сяргей Крупа.

Экіпаж складаўся з трох чалавек: камандзіра баявой машыны Сцяпко, намесніка Сяргея Крупы і кіроўцы-механіка Дзмітрыя Удода. Абвінавачаны пералічвае, што ўваходзіла ў абавязкі кожнага:

- Камандзір браў стужку у механіка і павінен быў перадаць мне, а я ўжо зараджаў. Чым хутчэй усё зрабіць, тым лепш. Калі стужка зараджаная, паведамляем пра гэта па рацыі. Затым паступае каманда, і мы страляем. Крупа ўдакладняе, што перад стрэлам усе люкі павінны быць зачыненыя. Асабіста яго звяртацца са зброяй вучылі яшчэ ў Печах, там жа азнаёмілі з адпаведнай інструкцыяй.

- Як наладжаныя паводзіны падчас пазаштатнай сітуацыі? - удакладняе суддзя ў абвінавачанага.

- Трэба спыніць стральбу і далажыць афіцэру. У камандзіра машыны з ім сувязь была, у мяне - не. Не працаваў шлемафон, - адказвае Крупа.

- Вы далажылі пра гэта? - пытаецца суддзя.

- Усе ведалі, - кажа абвінавачаны жаўнер.

Як ён распавядае падчас допыту ў судзе, першыя тры этапы стральбы 4 красавіка праходзілі ў штатным рэжыме.

- Прыступілі да другога, пачаліся асечкі, камандзір машыны дакладваў пра гэта Сцяпко. Экіпаж, які страляў да нас, таксама казаў, што былі асечкі, - успамінае Сяргей Крупа. - А потым пачуў, што ўпала стужка, сказаў камандзіру зрабіць даклад. У спешцы я забыўся паставіць зброю на ахоўнік. Потым мы выскачылі з машыны, пастроіліся ўсе трое, затым зноў заскочылі ў машыну. Я быў упэўнены, што механік на месцы, пачуўся міжвольны стрэл. Яшчэ спытаў у камандзіра: «Што гэта было?». Ён не ведаў. І я прадоўжыў далей зараджаць стужку.

- Хто-небудзь правяраў баявую гатоўнасць Удода? - пытаецца суддзя.

- Не.

- Як зразумець, што ён на месцы?

- Мы ўвесь час так займаліся, і механік заўсёды быў на сваім месцы, - тлумачыць суддзі абвінавачаны.

Экіпаж яшчэ некаторы час не ведаў, што Дзмітрый Удод загінуў. Праз асечкі Крупа разрадзіў стужку і чакаў, калі ўсе астатнія скончаць страляць.

- Пасля адстрэлу ўсе вылезлі з машын, я шукаў Дзіму, бачыў, што ляжаў шлемафон. Падумаў, Дзіма пайшоў у туалет. Далажыў камандзіру пра гэта, ён мяне не пачуў, - кажа Сяргей Крупа.

На ягоную думку, трагедыя адбылася, калі экіпаж залазіў у баявую машыну.

- Адбыўся стрэл. У мяне траўма рукі, яна дрэнна працуе. Мабыць, зачапіў спуск, зброя не была на засцерагальніку, - распавядае ў судзе шараговец Сяргей Крупа. - Пасля таго, што здарылася, мне стала дрэнна, пачало трэсці, мяне адвезлі ў медроту. Я шкадую.

Сяргей Крупа прызываўся ў войска з нязначнымі абмежаваннямі па службе. У ягонай характарыстыцы з вайсковай часткі пазначана, што ён зарэкамендаваў сябе пасрэдна, не даражыць баявымі таварышамі. «Няўважлівы, рассеяны, забыўчывы», - пазначана ў дакуменце.

- Вам і раней давалі такую характарыстыку ці толькі пасля таго, што адбылося? - пытаецца суддзя.

- Пасля, - кажа абвінавачаны Крупа.

З папярэдняга месца працы, наадварот, пра Сяргея толькі станоўчыя водгукі. З агучаных матэрыялаў справы ў судзе становіцца вядома: экспэрты пасля трагедыі аглядалі кулямёт, ён быў няспраўным. Як адзначае абвінавачваны, зброя прыбыла з іншай часткі і страляла з асечкай праз няспраўнасць, а не таму, што Крупа з ёй няправільна звяртаўся.

16 лістапада ў хлопца заканчваецца тэрмін службы, пасля войска ён хоча працаваць інкасатарам. У рамках расследавання крымінальнай справы ў шарагоўца арыштавалі маёмасць: канапу, тэлевізар, мікрахвалевую печ.

Калі віна намесніка камандзіра баявой машыны будзе даведзеная, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны