Мая Навумава: Я ўдзельнічала ў стыхійным мітынгу, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг
- 16.10.2018, 11:07
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» шукае абароны ў ААН.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Менска Майа Навумава, якая атрымала за салідарнасць з прафзвязам РЭП вялікі штраф, падала скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, паведамляе гомельская «Вясна». Жанчына мяркуе, што беларускія ўлады парушылі ейнае права на мірны сход і выказванне меркавання.
Спробы скасаваць грашовы штраф на нацыянальным узроўні поспеху не прынеслі - Менгарсуд, дзе абскарджвалі штраф, стаў на бок уладаў. Вычарпаўшы ўсе эфектыўныя сродкі прававой абароны ўнутры краіны Мая Навумава звярнулася ў Гомельскі Цэнтр стратэгічнай цяжбы для абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні.
У скарзе ў Камітэт правоў чалавека ААН заяўніца звяртае ўвагу, што прысуджаны ёй штраф перавышае суму сярэднямесячнага заробку ў краіне (920 руб.), а само пакаранне з'яўляецца непрапарцыйным зробленаму.
«Нават калі я прыняла ўдзел у стыхійным мітынгу, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг, дзяржаўныя агенты абавязаны былі ацаніць мае дзеянні зыходзячы найперш з міжнародных абавязанняў нашай краіны ў галіне правоў чалавека, а менавіта, даказаць мэтазгоднасць уведзеных на мае правы абмежаванняў», - заяўляе Мая Навумава.
Праваабаронца і кіраўнік Цэнтра стратэгічных цяжбаў ў Гомелі Леанід Судаленка адзначае, што пасля абвяшчэння прысуду лідарам прафзвязу Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку ля Дома правасуддзя ў Менску фактычна ўзнік стыхійны мірны сход.
«Нацыянальны закон наогул не прадугледжвае парадак правядзення, як у гэтым выпадку, стыхійных сходаў. Такім чынам, усякі стыхійны сход у нас апрыёры ўважаецца за незаконны. Аднак і гэтая не галоўная праблема. Асноўнай праблемай сёння з'яўляецца поўнае ігнараванне з боку судовай улады асноўных правоў чалавека», - падкрэсліў юрыст.
Нагадаем, 24 жніўня пасля абвяшчэння прысуду паводле справы лідараў прафзвязу РЭП ля будынка Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, актывісты і прысутныя тут грамадзяне правялі мітынг у падтрымку незалежнага прафзвязу. Мая Навумава разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, іншыя ўдзельнікі трымалі сцягі прафзвязу РЭП і «Еўрапейскай Беларусі». Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад'ехаў чырвоны аўтобус з АМАПаўцамі, якія затрымалі актыўных мітынгоўцаў.
Актывістка просіць Камітэт ААН устанавіць факт парушэння ейнага права на мірны сход і выказванне меркавання і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі абавязаннямі.