BE RU EN

«Гэта сапраўды быў Ісус Хрыстос»

Неймаверная гісторыя ад мэра Екацярынбурга Яўгена Ройзмана.

У страшным ковенскім гета знішчылі шмат габрэяў. У адзін дзень, 28 кастрычніка 1941-га года, расстралялі блізу дзесяці тысяч чалавек. А аднойчы, за адзін дзень, фашысты з паліцаямі забілі ўсіх дзяцей. Іх выманьвалі з дамоў музыкай. Тых, якіх маці не адпускалі, забівалі на месцы, проста на вачах у маці, піша мэр Екацярынбурга Яўген Ройзман для «Эха Масквы».

Потым наступіла зацішша. А ў 1943-м годзе ўсе гета перайшлі ў вядзенне СС. І зноў пачаліся пакаранні. І адзін малады 30-гадовы габрэй, голы, стоячы на краі рова, упаў уніз з першымі гукамі стрэлаў. Яго заваліла целамі. Ён ад страху пачаў выбірацца. Спрабуючы вылезці, зачапіўся рукамі за бруствер. Паліцай, засмяяўшыся, праткнуў яму рукі штыком. І ён зваліўся назад. Да ночы ён ляжаў у рове. І роў пад ім дыхаў, стагнаў і варушыўся.

Уначы ён выпаўз, стаў на ногі і пайшоў у бок далёкіх агнёў. Набрыў на хутар. Неяк пералез праз паркан і ўбачыў ля ганка на вяроўцы нейкую прасціну. Ён накінуў яе на сябе, падняўся і асцярожна, прабітымі рукамі, стаў скрэбціся ў дзверы. Дзверы адчыніла маладая жанчына. Ён пераступіў праз парог, наваліўся спіной на вушак і прашаптаў: «Выратуйце мяне...» Яна падціснула вусны і кажа: «Ідзі адсюль! Калі цябе тут знойдуць - заб'юць і мяне, і маіх дзяцей! Сыходзь туды, адкуль прыйшоў!».

Ён паглядзеў на яе і кажа: «Не праганяй мяне!» І вось ён стаіць перад ёй, змардаваны, з прабітымі рукамі, у белым, і зблытаныя валасы ўсе ў крыві прыліплі да ілба. Ён маўчыць. І яна маўчыць. І яна пакруціла галавой: «Ідзі!» І раптам з-за фіранкі выбегла маленькая светлая дзяўчынка, падбегла да яе, абняла яе за нагу, падняла галаву і сказала: «Мама, не адганяй яго! Гэта ж наш Бог Ісус Хрыстос!»...

Яны хавалі яго і даглядалі яго. Потым ён пайшоў да партызан. Ваяваў. Удзельнічаў у самых дзёрзкіх аперацыях. Усіх здзіўляла, што ў яго спрэс адсутнічала пачуццё страху. Загінуў ён ужо ў самым канцы вайны.

Я размаўляў з гэтай дзяўчынкай у 1988 годзе, у Коўне. Ёй было пяцьдзесят. Яна была маладзейшай, чым я цяпер. І я слухаў яе, і мяне калаціла. І я ёй кажу: «Ну так, вядома, змардаваны чалавек, лоб у крыві, рукі прабітыя, захінуты ў белае... Вы ж тады маленькая былі, проста такое ўражанне...» А яна падняла на мяне вочы, паглядзела спакойна і ўважліва, паківала галавой і кажа: «Вы не зразумелі. Гэта сапраўды быў Ісус Хрыстос».

Апошнія навіны