BE RU EN

Экспэрт: Лукашэнка вяртае беларускую школу ў мінулае стагоддзе

Якія наступствы будзе мець для будучыні Беларусі набор дзяцей у гімназіі па прапісцы.

25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасці з якім скасавалі ўступныя іспыты ў гімназіі ў 5 клас.

Статус гімназіі захаваецца, але праграма ў гімназіі будзе адрознівацца ад звычайнай школы толькі з 9 класа. Цяпер дзяцей у 1 клас будуць набіраць паводле прапіскі, патлумачыла намесніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, піша Марыя Уладзімірава для «Заўтра тваёй краіны».

Што рабіць таленавітым дзецям, якім не пашчасціла жыць побач з гімназіяй?

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» мяркуе, што гэтыя змены прывядуць да паніжэння ўзроўню адукацыі.

З яе слоў, прэзідэнцкі ўказ пазбаўляе бацькоў, якія плацяць падаткі, права выбару ўстановы адукацыі для свайго дзіцяці.

-- Дзе і на якім узроўні вучыцца дзецям, будуць вызначаць не бацькі, а выканкамы. Гэты ўказ вяртае нашу школу ў мінулае стагоддзе -- адзначае экспэрт.

Рэпетытар Яўген Лівянт не бачыць ніводнага плюсу ў тым, што гімназіі зробяць роўнымі са школамі.

-- Што рабіць таленавітым дзецям, якім не пашчасціла жыць побач з гімназіяй - гэта галоўнае пытанне. Гэта – бяда, - падкрэслівае рэпетытар.

З ягоных слоў, рэформа спыніла сацыяльныя ліфты. Дзеці, у якіх бацькі не валодаюць дастатковымі фінансавымі магчымасцямі, не змогуць атрымаць якасную адукацыю.

Для школьнікаў давядзецца наймаць дарагіх рэпетытараў, каб у 10-11 класах яны змаглі нагнаць упушчанае.

Мацкевіч: Школа стане ўстановай прымусовага ўтрымання

З новага навучальнага года ў гімназіі патрапяць дзеці з розным узроўнем ведаў. Ці змогуць настаўнікі стварыць умовы для іх навучання?

Намесніца міністра адукацыі мяркуе, што «гэты момант — у руках настаўніка». На думку Раісы Сідарэнкі, настаўнік павінен стварыць умовы для развіцця дзіцяці, у якога вынікі ніжэйшыя, і для дзіцяці, у каго веды вышэйшыя.

Тамара Мацкевіч таксама мяркуе, што гэта магчыма. Аднак, на яе думку, для пачатку трэба зрабіць, каб у школу прыйшлі прафесіяналы, якія змогуць гэта адолець.

-- Тыя настаўнікі, якія сёння выходзяць з нашых універсітэтаў, былі адабраныя з самых найгоршых абітурыентаў, якія нікуды больш не змаглі паступіць. Яны не змогуць стварыць умовы для дзяцей з розным узроўнем ведаў, - мяркуе намесніца старшыні Таварыства беларускай школы.

У выніку, з яе слоў, дзеці са слабымі здольнасцямі будуць пазбаўленыя магчымасці самарэалізацыі, ім патрэбныя іншыя метады. А дзяцей з высокімі інтэлектуальнымі здольнасцямі будуць стрымліваць у развіцці, бо школьная праграма накіраваная на вучня ніжэй сярэдняга ўзроўню.

На думку Тамары Мацкевіч, школа стане ўстановай прымусовага ўтрымання, дзе дзеці будуць адседжваць 5-8 гадзін, а потым пойдуць атрымліваць адукацыю ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі.

Такім чынам, мяркуе экспэрт, наша інтэлектуальная эліта пазбаўляецца магчымасці развіцця.

Лівянт: Свет рухаецца шляхам вузкай спецыялізацыі

Яўген Лівянт не сумняваецца, што настаўнік-прафесіянал пры наяўнасці матывацыі зможа працаваць у класе, дзе ёсць вучні з высокім і нізкім узроўнем.

-- Але навошта ўсё ўскладняць? Свет рухаецца шляхам вузкай спецыялізацыі. Навошта вучыцца ў адным класе матываваным школьнікам, якія хочуць вывучыць на добрым узроўні матэматыку, фізіку і іншыя прадметы, і тым, каму гэта не цікава? – задаецца пытаннем суразмоўца «Заўтра тваёй краіны».

Адзіная прапанова Мінадукацыі, якую падтрымаў Яўген Лівянт, -- вызваленне дзвюх гадзін у гімназіях ад прывязкі да замежнай мовы.

Як патлумачыла намесніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, гэтыя дзве гадзіны застануцца, але сама гімназія будзе вызначаць, на якія прадметы яны пойдуць — гэта можа быць, да прыкладу, замежная мова, матэматыка, фізіка.

У той жа час Яўген Лівянт мяркуе, што дзве гадзіны для паглыбленага вывучэння прадмета -- вельмі мала.

Апошнія навіны