Гамельчукі выйшлі на пікет супраць міліцэйскага гвалту
- 27.01.2018, 17:16
Неабыякавыя жыхары Гомеля выйшлі на пікет супраць ціску на мясцовых апазіцыянераў.
Са слоў пікетоўцаў, многія з іх неаднаразова сутыкаліся з гвалтам і неправамернымі дзеяннямі з боку сілавікоў.
Мясцовы актывіст, праваабаронца Павел Главацкі распавёў «Белсату»:
- Сітуацыя з парушэннямі правоў грамадзян катастрафічная! Да мяне звяртаюцца дзясяткі чалавек, якія пацярпелі ад дзеянняў супрацоўнікаў МУС. Супраць мяне асабіста, супрацоўнікі ДАІ складалі пратаколы паводле ілжывых звестак, што пацвердзіў нават суд», - кажа гамяльчук.
Удзельнікі пікету вывесілі расцяжку са словамі «Закон як дышла». Да таго ж, яны распавядалі праз гучнагаварыцель пра канфлікты, што здараліся ў кожнага з іх з міліцыянтамі. На думку пікетчыкаў, праваахоўнікі часцяком «парушалі дзейнае заканадаўства».
Каля будынка аддзела міліцыі людзі запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам, аднак рэакцыі ў адказ не было.
Наступны пікет гомельскія актывісты плануюць зладзіць 30 студзеня каля будынку Гомельскага абласнога суда.