«Гэта ўсё вы зрабілі. Дзякуй вам усім!»
- 27.01.2018, 15:17
Расейскі гісторык Юрый Дзмітрыеў выйшаў на волю.
Кіраўнік карэльскага «Мемарыялу», гісторык Юрый Дзмітрыеў - на волі. Пра гэта стала вядома з «Фэйсбука» ягонай дачкі Кацярыны Клод. Дзмітрыеў, які правёў больш за год у зняволенні пад следствам, выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. У тэлефоннай размове з аглядальнікам «МБХ медиа» Зояй Святловай Дзмітрыеў сказаў: «Гэта ўсё вы зрабілі. Дзякуй вам усім. Да сустрэчы!».
Дзмітрыеў быў арыштаваны 26 снежня 2016 года паводле падазрэння ў вырабе дзіцячай парнаграфіі. Падчас ператрусу на ягоным кампутары былі знойдзеныя фатаграфіі 11-гадовай прыёмнай дачкі ў аголеным выглядзе. Першая экспэртыза фотаздымкаў угледзела ў іх парнаграфію, аднак паўторная экспэртыза прыйшла да адваротнай высновы, пацвердзіўшы, што Дзмітрыеў вырабляў здымку прыёмнай дачкі для «кантролю яе фізічнага развіцця». Абвінавачванне з самага пачатку выклікала шырокі грамадскі пратэст - многія меркавалі, што такім чынам улады вядуць барацьбу з працай Дзмітрыева ў «Мемарыяле», напрыклад, для вяртання імёнаў людзей, расстраляных у 1930-я гады ў карэльскім Сандармоху.