Стваральнік талера распавёў, колькі зарабіў на ім
- 27.01.2018, 14:54
У чым розніца паміж беларускім талерам і біткойнам?
Са слоў Дзяніса Лаўнікевіча, аднаго са стваральнікаў талера, крыптавалюты - гэта наступны этап эвалюцыі грошай пасля банкаўскіх карт, вэб-мані і інш.
Экспэрт мяркуе, што цалкам пазбавіцца ад папяровых грошай не атрымаецца - «месца ў свеце знойдзецца ўсім».
«Няма сумненняў, што роля банкаў знізіцца, - кажа экспэрт у інтэрв'ю «Белсату». - Варта памятаць, што біткойн быў адказам на банкаўскі крызіс 2009 года, каб паменшыць залежнасць людзей ад банкаўскай сістэмы, якая сябе скампраметавала».
«Біткойн не знішчыць ні наяўныя грошы, ні банкі: хтосьці пасунецца, хтосьці знойдзе новае месца», - дадае суразмоўца.
Першых цягнікоў людзі таксама баяліся
«Беларусь - першая краіна ў свеце, якая ўвяла ў прававую прастору тэхналогіі блокчэйна. Гэта і дзіўна, і добра. Цяпер варта паглядзець, як гэта будзе рэалізоўвацца ў нарматыўна-прававых актах. Цяпер нам трэба перарабіць усё гаспадарчае заканадаўства - што мы ўбачым праз некалькі месяцаў, мы, на жаль, не ведаем. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра», - спадзяецца Лаўнікевіч.
«Першых цягнікоў людзі таксама баяліся, як і аўтамабіляў. Новых тэхналогій людзі заўсёды баяцца - мы ведаем з гісторыі. Дзякуючы стварэнню талера мы засталіся ў трэндзе - і ідзём тым жа шляхам, што і ўвесь свет», - заяўляе Лаўнікевіч.
Са слоў спецыяліста, тэхналагічна талер нічым не адрозніваецца ад біткойна.
«Адрозненне ў тым, што гэта беларуская крыптавалюта. Калі стваральнікам біткойна або іншых крыптовалют справы да Беларусі асаблівай няма. А мы, стваральнікі талера, знаходзімся тут, з намі лёгка выйсці на кантакт. Мы робім так, каб ён быў запатрабаваны ў Беларусі, быў прыстасаваны да нашых умоў, айчыннага бізнэсу», - кажа госць праграмы.
«Галоўная перавага талера - мы інтэгруем яго ў беларускую эканоміку», - дадае экспэрт.
«Зацікаўленасць талерам - вельмі вялікая, асабліва з боку сярэдняга і малога бізнэсу, які хоча ўвесці яго ў свае бізнэс-працэсы», - прызнаецца наш суразмоўца.
На думку Лаўнікевіч, праект талера - з самага пачатку некамерцыйны і адкрыты для ўсіх беларусаў.
«Мы хацелі не толькі стварыць нешта карыснае для Беларусі, але і пацвердзіць ўласныя кампетэнцыі», - дадае Дзяніс Лаўнікевіч.