Сёння - Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту
- 27.01.2018, 11:28
Кожная восьмая ахвяра Халакосту ва ўсёй Еўропе - гэта жыхар Беларусі.
27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту - масавага знішчэння габрэяў падчас Другой Сусветнай Вайны.
Усяго нацыстамі былі мэтанакіравана забітыя да шасці мільёнаў этнічных габрэяў, а таксама два мільёны цыганоў і 250 тысяч людзей з інваліднасцю.
На тэрыторыі Беларусі былі забітыя да 800 тысяч этнічных габрэяў, паведамляе сайт Рады БНР. Кожная восьмая ахвяра Халакосту ва ўсёй Еўропе - гэта жыхар Беларусі. Ахвяры Халакосту складаюць трэць агульных страт Беларусі ў Другой сусветнай вайне.
У выніку Другой Сусветнай вайны і наступнай эміграцыі практычна знікла беларускае габрэйства, якое на працягу многіх стагоддзяў было неад'емным складнікам культурнага і этнічнага ландшафту Беларусі.
На акупаваных нацыстамі тэрыторыях дзейнічалі Нюрнбергскія расавыя законы, якія прадугледжвалі ізаляцыю габрэйскага насельніцтва ў гета і перавод яго ў канцэнтрацыйныя лагеры для далейшага знішчэння.
Масавыя забойствы пачаліся практычна адначасова з прыходам нямецкіх войскаў і доўжыліся амаль да самага канца нямецкай акупацыі. Габрэйскія гета былі арганізаваны ва ўсіх буйных беларускіх гарадах.
Паводле большасці навуковых крыніц, падчас акупацыі загінулі ад 600 да 800 тысяч беларускіх габрэяў, што складала 74-82% габрэйскага насельніцтва Беларусі. У масавым знішчэнні габрэяў таксама ўдзельнічалі мясцовыя і замежныя калабаранты. Выпадкі пераследу і забойстваў габрэяў зафіксаваныя таксама з боку савецкіх партызан.
У пасляваенныя часы падзеі Халакосту ў Беларусі і СССР замоўчваліся з ідэалагічных прычын. Сістэматычная работа па ўвекавечанні памяці ахвяр Халакосту пачалася толькі ў 1991 годзе пасля заканчэння савецкай акупацыі Беларусі.