Расейскім спартоўцам дазволілі вывешваць свой сцяг на Алімпіядзе пры ўмове, што яго ніхто не ўбачыць
- 27.01.2018, 10:43
Сталі вядомыя правілы паводзін для прадстаўнікоў дэлегацыі Расеі ў Пхенчхане.
Алімпійскія атлеты могуць насіць толькі тую форму, якая адпавядае патрабаванням МАК.
Расейцам забаронена прымаць нацыянальныя сцягі і іншую дзяржаўную сімволіку ад каго б там ні было на алімпійскіх аб'ектах. Спартоўцы таксама не могуць публікаваць ці ставіць «упадабайкі» пад паведамленнямі ў сацыяльных сетках, калі ў іх утрымліваецца выява сцяга, адзначае "Спорт-Экспресс".
Адзіным выключэннем сталі спальні і іншыя аб'екты Алімпійскай вёскі, дзе спартоўцам дазволілі вывешваць сцяг строга пры ўмове, што яго ніхто не ўбачыць.
Спартоўцы падпішуць спецыяльную дэкларацыю, у якой значыцца, што за парушэнне правілаў МАК яны могуць быць пазбаўленыя акрэдытацыі і адлучаны ад АГ 2018. На гэты момант у расейскую дэлегацыю ўваходзяць 340 чалавек, з іх 169 - спартоўцы.