BE RU EN

Беларускія ІП выклікаюць агонь на сябе

  • 23.01.2018, 9:42

Чаму ўлады не абараняюць нацыянальны бізнэс?

15 студзеня на пасяджэнні Савета развіцця прадпрымальніцтва ІП агучылі нетыповую ініцыятыву. Прадпрымальнікі з рэгіёнаў прапанавалі скасаваць двухгадовы мараторый на праверкі. Высветлілася, што «вета» стала шчылінай для шэрых схем, якія выкарыстоўваюць гандляры з Сярэдняй Азіі, якія руйнуюць беларускі бізнэс.

Ці дапаможа скасаванне мараторыя? Або, наадварот, рыкашэтам ударыць і па беларускіх ІП, якія і так перажываюць складаныя часы? На пытанні Charter97.org адказвае грамадскі актывіст і былы прадпрымальнік з Гомеля Барыс Анікееў:

- Гэта ў вайну называлася: выклікаць агонь артылерыі на сябе. Калі становішча было ўжо зусім адчайным, жаўнеры ў надзеі, што накрые і ворага, карэктавалі агонь па сваіх каардынатах. Жэст, вядома, прыгожы, ахвярны, але – бессэнсоўны.

- Чаму?

- А таму, што будзе як заўсёды. Будуць «страляць» па адных, а трапяць у іншых. Дробны бізнэс даўно ператварыўся ў латарэю, у якой перамагае толькі дзяржава. Выканаць усе іх правілы, асабліва аб сертыфікацыі тавару, немагчыма. Будзем стаяць на свой страх і рызыку: дзесьці пашэнціць, а дзесьці не. На нейкі тавар атрымаецца дастаць паперы, а на нейкі не.

Я скажу «па сакрэце»: з маіх блізкіх знаёмых-прадпрымальнікаў ніхто, наогул ніхто, не верыць ні ў якія мараторыі ці ў іх скасаванне. Мараторыі, адтэрміноўкі – гэта ўсё кітайскія іерогліфы, якія ўлада можа вытлумачыць, як хоча. А для прадпрымальніка гэтая «кітайская грамата» ўсё роўна вылезе бокам.

У паперах ўлада піша адно, затым у газетах друкуе іншае, падатковая потым зазывае да сябе і кажа трэцяе. А ў перакладзе на даступную мову атрымліваецца наступнае: давайце, плаціце, выходзьце з ценю, вам жа палёгкі далі. Дэкрэт №7, адтэрміноўку, мараторый. Гэта як прынада, як лямпачка для матылькоў – ляціце, маўляў, сюды. Але адно я ведаю дакладна: у гэтыя «абяцанкі-цацанкі» ўжо ніхто не верыць.

- Усё больш прадпрымальнікаў піша ў СМІ свае гісторыі аб тым, што ўжо выплачваюць дзяржаве больш, чым атрымліваецца зарабіць. Як тады канкураваць з замежнікамі з Азіі?

- Гэтую сітуацыю магу пацвердзіць з першых вуснаў, што называецца. Цяпер у 20-х датах, час падводзіць месячныя вынікі. Усе мае знаёмыя ІП паводле даходаў выйшлі практычна ў «нуль». А з арэндай наогул атрымліваецца чысты мінус.

Я хоць і вымушаны быў закрыць бізнэс, але з калегамі-прадпрымальнікамі падтрымліваю стасункі. Інфармацыяй валодаю добра. Вось што іх абурае больш за ўсё: гандляры з Узбекістана прыязджаюць з тым жа таварам, што і ў іх, а кошты ўстанаўліваюць значна ніжэйшыя.

І не трэба тут штосьці казаць пра «свабодную канкурэнцыю» ці пра тое, што кожны круціцца, як можа. Рэч у тым, што некаторым можна працаваць без дакументаў, а большасці – не. Ёсць роўныя, а ёсць «раўнейшыя». Мы за столькі гадоў не можам знайсці на гэты тавар сертыфікаты, а яны паўгадзіны таму прыйшлі – і калі ласка, усе паперы «ў парадку». Ды не можа быць такога. Вось проста – не веру.

Мы гадамі стваралі сваю кліенцкую базу: камусьці давалі тавар у растэрміноўку, камусьці напавер. Наладжвалі стасункі з людзьмі. Зразумела, што калі чалавек адстаяў на рынку 15-20 гадоў, а тут прыехаў госць незразумела адкуль і прадае той жа тавар у разы танней – то тут нешта нячыста.

- Чаму ўлада не абараняе нацыянальны бізнэс?

- Уся сістэма пабудаваная на тым, каб спустошыць прадпрымальнікаў. Я ўжо звык да таго, што інакш, чым «спекулянтамі» нас з высокіх трыбун і не называлі.

Дробны бізнэс, гэта свабодныя незалежныя людзі, гэтай уладзе не патрэбныя. Вось сеткі крам – гэта ўжо больш па густу ўрадам. Іх лягчэй кантраляваць, там круціцца больш грошай. На іх можна больш абавязанняў узваліць – выцягнуць. А дробны бізнэс прасцей спустошыць, каб, не дай Бог, не надумалі чагосьці патрабаваць.

- У менскім Уруччы з'явілася сцяна плачу прадпрымальнікаў. У вашым рэгіёне яшчэ няма такога?

- Ідэя цікавая. Трэба будзе прапанаваць і ў Гомелі такую паставіць (смяецца).

А калі сур'ёзна, слёзы ліць – гэта апошняя справа. Пра прадпрымальнікаў некаторыя кажуць, што яны не салідарныя. Тут наогул, як паглядзець. У нас ёсць свае моцныя стораны: мы можам быць вельмі хуткімі, можам бараніць сваё, як ніхто іншы – проста з глоткі вырваць. І гэта не толькі ў гандлі. Памятаеце, якія былі мітынгі ў пачатку 2000-х? Які быў моцны рух!

Людзей трэба натхніць. Патрэбны моцны і адказны лідар, у якога б паверылі. Прадпрымальнікаў, можа і цяжэй, разварушыць, але калі яны вераць у штосьці – то надзвычай упартыя. І наогул – пераважна добрыя хлопцы. Патрэбны толькі кіраўнік пісьменны.

- Але вось, напрыклад, усе апазіцыйныя партыі і рухі аб'ядналіся вакол ідэі разам адсвяткаваць 25 сакавіка 100-годдзе БНР. Ваша асабістае меркаванне – гэта годная падстава для яднання?

- Дзень Незалежнасці 25 сакавіка – гэта самае вялікі свята, па-мойму. А цяпер на гэты дзень трапляе круглая дата – 100-годдзе БНР. Гэта павінна быць святам нацыянальнага адзінства. І гэтую ідэю я магу толькі падтрымаць. Зрэшты, чаму падтрымаць? Я і сам заўсёды меркаваў, што 100-годдзе БНР – вялікае нацыянальнае свята і дзень, у які мы павінны быць разам.

Добра памятаю вясну 2017 года. Нашых гомельскіх прадпрымальнікаў вельмі натхніла тая атмасфера, калі людзі паднялі галовы і выходзілі за свае правы на вуліцы. Атмасфера вясны 2018 года павінна быць яшчэ лепшай – бо гэта вялікае нацыянальнае свята.

Апошнія навіны