BE RU EN

У Гомелі ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага

  • 22.01.2018, 16:54

У акцыі памяці бралі ўдзел актывісты з Менска, Берасця, Бабруйска, Мар'інай Горкі, Гомеля, Светлагорска.

Рух салідарнасці «Разам» зладзіў традыцыйную штогадовую паездку актывістаў у Гомель, на магілу беларуса і героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага.

У гэты дзень, 22 студзеня 2014 года, у ахопленых супрацьстаяннем простых украінцаў і сілавікоў Януковіча ў Кіеве абарвалася жыццё гамельчука Міхаіла Жызнеўскага, які разам з украінскім народам паўстаў супраць хлусні, карупцыі і несвабоды, піша novychas.by.

У імпрэзе памяці Міхаіла Жызнеўскага ўзялі ўдзел актывісты з Менска, Берасця, Бабруйска, Мар'інай Горкі, Гомеля, Светлагорска. Легендарная актывістка Ніна Багінская традыцыйна ўзняла першы бел-чырвона-белы сцяг.

Каля помніка беларускаму змагару і герою Украіны выступілі Вячаслаў Сіўчык, які асабіста ведаў Міхаіла Жызнеўскага з 2011 года, Валянціна Логвін (ад Украінскай сусветнай каардынацыйнай рады), актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда, актывіст Уладзімір Кацора, Таісія Кабанчук з БХД, паэт Славамір Адамовіч.

Бард Зміцер Захарэвіч выканаў свае песні. Украінец па паходжанні Аляксандр Магільчанка з Бабруйска зачытаў на ўкраінскай мове верш, прысвечаны Міхаілу Жызнеўскаму.

У сваёй прамове Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што дзякуючы таму, што ў Беларусі ёсць людзі, такія як Міхаіл Жызнеўскі, якія гатовыя змагацца за свабоду і ахвяраваць дзеля высокіх ідэалаў сваім жыццём, мы можам з аптымізмам глядзець у будучыню.

Апошнія навіны