BE RU EN

Прэзідэнт Украіны з жонкай ушанаваў памяць Міхаіла Жызнеўскага

  • 22.01.2018, 15:11

Прэзідэнцкая пара запаліла і паставілі лампадкі ля памятнага знака Героям Нябеснай Сотні ў Кіеве.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай Марынай сёння раніцай ушанавалі памяць першых ахвяраў пратэстаў у цэнтры Кіева ў 2014 годзе - Міхаіла Жызнеўскага і Сяргея Нігаяна, паведамляе «Радыё Свабода».

Яны ўсклалі кветкі да памятных знакаў на вуліцы Грушэўскага і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Пятро і Марына Парашэнкі таксама запалілі і паставілі лампадкі ля памятнага знака Героям Нябеснай Сотні на вуліцы Грушэўскага.

Беларус Міхаіл Жызнеўскі і ўкраінец армянскага паходжання Сяргей Нігаян сталі першымі ахвярамі падчас брутальных сутыкненняў паміж пратэстоўцамі і сілавікамі на Еўрамайдане ў 2014 годзе.

Міхаіл Жызнеўскі загінуў ад кулі 22 студзеня 2014 года, не дажыўшы да свайго 26-годдзя чатыры дні. Цела Жызнеўскага пасля адпявання і ўрачыстых провадаў прывезлі з Кіева і пахавалі на сямейных могілках па лініі маці ў вёсцы пад Гомелем.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў Міхаіла Жызнеўскага ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, а ўкраінскі ўрад прызначыў пажыццёвую стыпендыю ягоным бацькам. Летась у чэрвені прэзідэнт Украіны прысвоіў беларусу званне Героя Украіны пасмяротна.

Апошнія навіны