«Раней такія зборнікі былі для паступлення ў гімназіі, цяпер - для кантрольных»
- 22.01.2018, 14:51
Дагэтуль невядома, ці патрэбна чацвёртакласнікам здаваць іспыты для паступлення ў гімназію.
У сярэдзіне студзеня па-ранейшаму невядома, ці трэба будзе чацвёртакласніку здаваць іспыты для паступлення ў гімназію. Афіцыйных каментароў пакуль што няма, і бацькі дагэтуль застаюцца ў недасведчанасці, піша kp.by.
- У нашым класе ўжо кажуць рыхтавацца, хоць яшчэ месяц таму меркавалі, што іспытаў у пяты клас не будзе, - распавядае тата школьніка з Менска.
Рэпетытар Яўген Лівянт заўважыў, што ў кнігарнях з'явіліся зборнікі кантрольных работ і дыктантаў у трох прадметах для іспытаў - расейскай, беларускай і матэматыцы. Год выдання - 2018-ы. Вокладка выглядае адзін у адзін як у леташніх экзаменацыйных зборніках.
- Хоць зборнікі і выглядаюць гэтак жа, як і летась, яны не прызначаныя для паступлення ў гімназіі, - тлумачаць у выдавецтве Нацыянальнага інстытута адукацыі. - Пытанне з гімназіямі яшчэ развязваецца, таму экзаменацыйных зборнікаў няма. А ў гэтых дапаможніках размешчаныя выніковыя кантрольныя работы для праверкі ведаў.
Сапраўды, слова «гімназіі» прыбралі з вучэбнага дапаможніка. Фармулёўка, напісаная дробным шрыфтам, у зборніках гэтага года гучыць так: «Зборнік дыктантаў у беларускай мове за перыяд навучання на I ступені Агульнае сярэдняй адукацыі».
На сайце uchebniki.by, дзе размешчаная інфармацыя аб усіх вучэбных выданнях, паводле якіх вучацца беларускія школьнікі, звесткі аб зборніках абнавілі. Яшчэ раніцай 22 студзеня ў апісанні трох дапаможнікаў гаварылася, што яны прызначаныя для тых, хто паступае ў 5-ы клас гімназій, цяпер гэтай інфармацыі няма.