BE RU EN

Жукоўскі: Суддзя пакараў сябе, сваіх сваякоў, пракурораў і міліцыянтаў

  • 22.01.2018, 10:58

Незалежных журналістаў аштрафавалі на $1 тысячу за праўду пра задушлівы пах ад завода ў Светлагорску.

Светлагорскі раённы суд 18 студзеня прысудзіў да вялікіх штрафаў гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына за нібыта незаконнае апытанне жыхароў вёскі Якімава Слабада, выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала «Белсат», паведамляе гомельская «Вясна».

Жукоўскі аштрафаваны на 50 базавых адзінак (1 225 рублёў), Толчын - на 45 базавых (1 102,5 рубля).

- Суддзя Руслан Царук, які сёння аштрафаваў мяне з Толчыным, пакараў не толькі нас. Ён выбраў сваё жыццё ў шкодным смуродзе, а таксама сваіх сваякоў, пракурораў, міліцыянераў і 70-тысячны горад з прылеглымі да заводу беленай цэлюлозы вёскамі, - мяркуе журналіст Жукоўскі.

Адміністрацыйныя пратаколы на фрылансераў складаў старшы ўчастковы інспектар, капітан міліцыі Сяргей Шліхт. Ён абвінаваціў фрылансераў у парушэнні Закона аб СМІ. Паводле інфармацыі міліцыі, фрылансеры злоўжывалі правамі і абавязкамі журналіста, бо вялі апытанне жыхароў вёскі Якімава Слабада і такім чынам ўдзельнічалі ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ ў выглядзе сюжэту, які быў размешчаны ў СМІ.

У мінулым снежні фрылансеры запісалі на відэа выказванні жыхароў вёскі Якімава Слабада наконт задушлівага смуроду, які ахінуў наваколлі, пасля пабудаванага надоечы кітайцамі і на кітайскі крэдыт завода беленай сульфатнай цэлюлозы. Відэа было размешчанае на YouTube - частку здымкаў выкарыстаў спадарожнікавы тэлеканал «Белсат».

У суд падтрымаць Жукоўскага і Толчына прыехалі з горада і вёскі Якімава Слабада дзясяткі жыхароў.

- Усе дзівіліся, як гэта можна судзіць журналістаў за праўду, - кажа Андрэй Толчын.

Апошнія навіны