«Хочаш спустошыць дзяржаву - дай волю архітэктарам!»
- 20.01.2018, 16:08
Для Беларусі, здаецца, гэты тэзіс цяпер як ніколі актуальны.
Вядомы архітэктар Генадзь Дулевіч крытычна паглядзеў на некаторыя будынкі, якія проста нельга не заўважыць у Менску. Пра тое, што менавіта з найноўшай беларускай архітэктуры рэжа ягоныя прафесійныя вочы, Дулевіч распавёў nv-online.info:
- У пачатку 90-х гадоў ЮНЕСКА разглядаў пытанне аб прысваенні звання помніка сусветнай спадчыны праспекту Незалежнасці (раней гэты праспект называўся імем Францішка Скарыны), - кажа Генадзь Дулевіч. - У той час я з'яўляўся дэлегаваным архітэктарам ЮНЕСКА ў Беларусі і Расеі паводле праграм «ЮНЕСКА-Чарнобыль». Маім куратарам быў каардынатар праграм архітэктар Раман фон Зесла. Ён прапанаваў мне зрабіць фотаздымку праспекта з майго пункту гледжання - так, як я бачу прыкметныя архітэктурныя аб'екты ў наўпроставым сэнсе слова, ад Акадэміі навук да Дома Урада, ад Лангбарда да Лангбарда.
Архітэктары ЮНЕСКА Раман фон Зесла, Лефеўр, Вельміна, Лаплан неаднаразова наведвалі Менск, а значыць, усе аб'екты ведалі добра. Мае фатаграфіі ім спадабаліся. Пацікавіўся лёсам праекта я толькі праз два гады, бо калі б усё прайшло паспяхова, то пра яго ўжо б ведалі ўсе і ўсюды. Раман фон Зесла дастаў стос маіх фатаграфій разам з іншымі фотаздымкамі - маўляў, знайдзі сто адрозненняў. Ну вось, напрыклад, скрыжаванне вуліцы Леніна і праспекта, дзе ўсе краявідныя месцы заслоненыя гэтымі «жабамі» - пераходамі пад праспектам. Мне здаецца, у гэтым сэнсе найбольш удала зроблены пераход на «Кастрычніцкай» праз будынак. А гэтыя «жабы», мякка кажучы, далёка не самы ўдалы варыянт з пункту гледжання архітэктуры. Выглядаюць жудасна.
Напрыклад, у Парыжы зробленыя ажурныя вечкі над падземнымі пераходамі, яны прадуманыя да дробязяў! У нас усё інакш.
Іншыя негатыўныя месцы Менска: сквер на вуліцы Леніна, добраўпарадкаванне каля 1-й абласной клінікі і іншыя. Гэтыя тварэнні закрэслілі Лангбарда, Караля, Заборскага і іншых. Спадзяюся, не назаўсёды. Гэта быў, бадай, першы прыклад, калі я ўбачыў безадказнае стаўленне маіх некаторых калегаў да творчасці.
Не, яны быццам бы добрыя, проста замянілі лозунг Георгія Заборскага «Лінія, жыві!» На лозунг «Што хачу, тое і раблю!». А што ж узгадняючыя арганізацыі, чаму маўчыць Саюз архітэктараў?
Возьмем, напрыклад, мікрараён «Каменная горка». Гэта трэба ж так людзей не любіць! Дом на доме! Гэта нават не тары для жылля, а значна горш - каменныя мяхі. Прычым пабудаваныя так шчыльна, што калі снегам усё заваліць, спецтранспарту будзе вельмі няпроста праехаць!
Адным словам, вельмі моцна гэты «цуд архітэктуры» адстаў ад мікрараёна «Зялёны луг» архітэктара Левіна, дзе панэльныя дамы размешчаныя ў гармоніі з ландшафтам.
Будынак «Нацыянальнага Алімпійскага Камітэта» - гэта не архітэктура, а елачныя цацкі. Хто-небудзь аналізаваў прапорцыі агульнай плошчы і рабочай, і колькі грошай пушчана фактычна на вецер! Так званы вестыбюль «Бізнэс-цэнтра» НАКа пачынаецца з буфеціка. Дык нават буфеты чыгуначных вакзалаў раённых цэнтраў больш дыхтоўныя! А дзе там ліфты? Да іх як да канадскай мяжы!
Выходзіш з «Бізнэс-цэнтра» ў бок праспекта Пераможцаў, а гранітнае брукаванне вядзе да бардзюрнага каменя праезнай часткі праспекта, і людзі дарожкі па газоне самі пратапталі...
На праспекце Машэрава ёсць будынак, які праектаваўся для «Беларуськалію», да яго яшчэ крышталь прышмараваны нясціплы. Добры, дарэчы, радыятар для праспекта. Зайшлі мы неяк з калегам унутр - ні формы, ні функцыі...Паважаю сваіх калегаў, але, на мой погляд, гэта цалкам не той будынак, якім трэба ганарыцца! Непрыгожая архітэктура, на мой погляд...
Канцлер Бісмарк калісьці вымавіў: «Хочаш спустошыць дзяржаву, дай волю архітэктарам». Гэта тычыцца, безумоўна, не ўсіх. Але для нас, здаецца, гэта тэза цяпер як ніколі актуальная...