У Менску выяўлены выпадак шаленства ў сабакі
- 20.01.2018, 14:18
Санэпідслужба дае рэкамендацыі.
Выяўленае шаленства ў загінулага сабакі пароды кане-корса, паведамілі карэспандэнту агенцтва «Минск-Новости» ў санітарна-эпідэміялагічнай службе Менска.
Жывёліну знайшлі 11 студзеня ў Кастрычніцкім раёне на перакрыжаванні вул. Лейтэнанта Кіжаватава - зав. Каржанеўскага.
- Улічваючы небяспеку захворвання на шаленства, просім грамадзян, якія маюць сабак, правесці вакцынацыю не прышчэпленых жывёлін, строга выконваць правілы ўтрымання сабак і катоў. Калі вы ці ваша жывёліна кантактавала з названым сабакам, мэтазгодна паказаць вашага гадаванца ветэрынарным лекарам, а вам - звярнуцца ў паліклініку для разгляду пытання аб неабходнасці імунізацыі супраць шаленства, - распавялі ў санітарна-эпідэміялагічнай службе Менска.
Там падкрэслілі: пры зменах у паводзінах гадаванца варта тэрмінова паказаць яго ветэрынарнаму лекару. А для прафілактыкі шаленства неабходна:
- не падыходзіць і не гладзіць бяздомных жывёлін без нагляду;
- пры выяўленні жывёлін з незвычайнымі або без прычыны агрэсіўнымі паводзінамі паведаміць у ветэрынарную службу;
- у выпадку атрымання траўмаў, прычыненых жывёлінай, альбо пападання сліны на скуру або слізістыя неадкладна звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя.