BE RU EN

Ва Украіне закрылі справу супраць былога беларускага бізнэсоўца

  • 17.01.2018, 16:33

Экстрадыцыю Цімафея Кахновіча адклалі.

Пракуратура Кіева закрыла крымінальную справу, распачатую паводле падазрэння ў незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў супраць былога беларускага бізнэсоўца, цяпер грамадзяніна Украіны Цімафея Кахновічa.

«Аб закрыцці справы я ведаю з публічнай заявы прадстаўніка пракуратуры Кіева. Аднак пакуль афіцыйнага паведамлення на паперы мы не атрымалі», - сказаў «Радыё Свабода» Цімафей Кахновіч.

У той жа час, з ягоных слоў, сёння Апеляцыйны суд Кіева павінен быў разгледзець апеляцыю пракуратуры на вырак суда першай інстанцыі аб адмове ў экстрадыцыйным арышце на 40 дзён.

«Пракуратура 11 студзеня звярнулася са скаргай, якую сёння павінны былі разгледзець. Але паколькі пракуратура нібыта адклікала сваю скаргу 12 студзеня і ў суд не прыйшлі матэрыялы з суда першай інстанцыі, то суддзя сёння перанёс пасяджэнне на 1 лютага», - сказаў ён.

«У гэтай скарзе пракуратура, як і раней, сцвярджае, што я грамадзянін Беларусі. Менавіта на гэтым пабудаваная і апеляцыйная скарга. Але сёння прадстаўнік пракуратуры не прыйшоў у суд», - дадаў Цімафей Кахновіч.

Супрацоўнікі Галасееўскай раённай управы паліцыі Кіева 29 снежня 2017 года правялі ператрус у доме Цімафея Кахновіча і затрымалі яго спачатку як грамадзяніна Украіны, а пазней - як грамадзяніна Беларусі, якога шукаюць беларускія праваахоўнікі паводле абвінавачванняў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці на падставе запыту з 2008 года. Кіеўскія следчыя хадайнічалі перад судом аб арышце Цімафея Кахновіча, але суд адмовіўся ўхваліць адпаведную пастанову.

Цімафей Кахновіч кажа, што зброю яму падкінулі падчас ператрусу, у пацвярджэнне чаго апублікаваў відэазапіс.

Пасля таго, як гэта справа атрымала ва Украіне вялікі рэзананс, пракуратура Кіева адкрыла крымінальную справу паводле прыкмет перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі Галасееўскай управы паліцыі - тымі, хто праводзіў ператрус па месцы жыхарства Цімафея Кахновіча і ягонага затрымання.

Апошнія навіны