Сёння - дзень памяці вялікага Чэслава Немана
- 17.01.2018, 9:20
Знакаміты польскі музыка меў беларускія карані.
Знакаміты спявак і кампазітар нарадзіўся ў Гарадзенскай вобласці ў вёсцы Старыя Васілішкі 16 лютага 1939 года.
Тут, у Беларусі, і ўпершыню заспяваў, тады яшчэ ў царкоўным хоры. Калі будучай зорцы не было яшчэ і дваццаці, сям'я пераехала ў Польшчу, але ў памяць пра Радзіму Чэслаў Выджыцкі стаў выступаць пад псеўданімам - Неман, бо яго дзяцінства прайшло ля ракі Нёман.
Ён стаў рок-легендай 70-ых, песні Чэслава Немана выконвала нават Марлен Дзітрых, а канцэрты спевака чакалі ў Нямеччыне, Чэхіі, Расеі ды Францыі. Палякі ганарацца сваім музыкам, але памятаюць, што нарадзіўся і вырас ён у Беларусі. Прыхільнікі ягонай творчасці ў нашай краіне штогод ладзяць вечарыны памяці Чэслава Немана, а ў вёсцы Старыя Васілішкі знаходзіцца яго дом-музей.