BE RU EN

Салігорскіх настаўнікаў прымушаюць уначы патруляваць вуліцы

  • 16.01.2018, 21:48

Таксама настаўнікі не разумеюць, чаму яны павінны арганізоўваць масавае наведванне хакейных матчаў.

У рэдакцыю nn.by прыйшоў ліст ад настаўнікаў з Салігорска, у якім яны скардзяцца на вымушанае «сістэматычнае патруляванне вуліц і дарог у начны час».

З мэтай «актывізацыі грамадства супраць неўласцівых функцый педагогаў» настаўнікі просяць апублікаваць адзін з планаў для педагогаў Менскай вобласці, які падрабязна распісвае іх працу падчас зімніх канікул з 20 снежня 2017 года да 8 студзеня 2018 года.

Некаторыя пункты з комплекснага плана мерапрыемстваў «Бяспечныя канікулы» ў перыяд з 20.12.2017 да 08.01.2018 гг.

Комплексны план мерапрыемстваў «Бяспечныя канікулы», зацверджаны намеснікам старшыні Мінаблвыканкама Віктарам Сірэнкам, уключаў у сябе як звычайныя прафілактычныя выступы на тэму заканадаўства, правядзенне пасяджэнняў сямейных клубаў (накшталт дыскусіі «Дзеткі ў піўной клетцы»), забеспячэнне маніторынгаў жыллёва-бытавых умоў, так і абавязкі на позні час, якія не падабаюцца настаўнікам больш за ўсё.

А менавіта — удзел у настаўніцка-бацькоўскіх патрулях у вечаровы і начны час з наведваннем месцаў канцэнтрацыі непаўнагадовых (дыскатэкі, клубы, аб’екты грамадскага харчавання і іншыя), а таксама вуліц і дарог, каб выяўляць там парушэнні ПДР дзецьмі.

Таксама настаўнікі не разумеюць, чаму яны павінны арганізоўваюць масавае наведванне хакейных матчаў.

«У педуніверсітэтах нас не вучылі патруляваць вуліцы і дарогі ў начны час, а таксама прымусова заганяць дзяцей на хакейныя матчы, як патрабуе гэты дакумент. Акрамя таго, абавязак настаўніка — вучыць, а ўначы — спаць, каб раніцай зноў вучыць з новымі сіламі і ведамі. Заробкі ж настаўнік атрымлівае за заняткі. За працу ў начны час у грамадскіх месцах і на вуліцах атрымліваюць прадстаўнікі зусім іншых прафесій»,

— абураюцца педагогі, якія, на жаль, не пакінулі звестак для зваротнай сувязі, каб мы мелі магчымасць звязацца з імі і высветліць дадатковыя акалічнасці.

Але план рэальна існуе. Бацькоўска-настаўніцкія патрулі на дыскатэках і ў іншых забаўляльных месцах — гэта ўжо не навінка ў метадах працы са школьнікамі. Новыя абавязкі прырастаюць — і настаўнікі, як бачна, гневаюцца.

А што думаюць пра такую рэакцыю на іх планы працы прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама?

У аддзеле сацыяльнай і выхаваўчай працы нам адказалі наступнае:

«План мерапрыемстваў «Бяспечныя канікулы» рэкамендаваны, прымусовасці ў гэтым распараджэнні не было. Настаўніцка-бацькоўскія патрулі былі, ёсць і застаюцца, але гэта не начны час, а да 22—23-й гадзіны, яны ўваходзяць ў комплекс выхаваўчых мерапрыемстваў, і не так ужо часта даводзіцца іх наведваць.

На дарогах жа дзяжурыць ніхто доўга не патрабаваў — там у асноўным працуюць кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Я таксама была настаўніцай і адчувала адказнасць за дзяцей у гэты час, таму калі трэба было ісці ў патруль — ішла. Гэта нашы абавязкі, як бы эмацыйна ні рэагавалі на гэта некаторыя педагогі. Але прымусу ў такіх планах не было і няма — нюансы іх выканання кіраўніцтва школ узгадняе з настаўнікамі на месцы», — пракаментавала намесніца начальніка аддзела Ірына Садоўская.

Апошнія навіны