BE RU EN

Суд Барсэлоны прызнаў партыю Пучдэмона вінаватай у карупцыі

  • 16.01.2018, 10:57

Партыя каталонскага лідара павінна сплаціць хабараў на 6,6 мільёнаў еўра.

Партыя былога кіраўніка каталонскага ўрада Карлеса Пучдэмона павінна сплаціць сродкі, атрыманыя незаконным чынам. Паводле пастановы правінцыйнага суда Барсэлоны, абвешчанай у панядзелак, 15 студзеня Дэмакратычная еўрапейская каталонская партыя (ДЕКП) нелегальна атрымала ад будаўнічай кампаніі Ferrovial прынамсі 6,6 мільёна еўраў. Суд прыйшоў да высновы, што грошы паступалі на рахунак партыі ў якасці свайго кшталту хабару - аплаты за "гарантаваную выдачу пэўнай колькасці замоў", паведамляе DW.

У рамках карупцыйнай схемы Ferrovial рабіла ахвяраванні Палацу каталонскай музыкі, пасля чаго кіраўніцтва ўстановы пералічвала частку грашовых сродкаў на рахункі ДЕКП. Схема функцыянавала з 1999 да 2009 года, калі незаконныя ўзаемадачыненні паміж партыяй, у той час звалася Дэмакратычная канвергенцыя Каталоніі, і будаўнічай кампаніяй былі выяўленыя.

Мадрыд патрабуе "фізічнага" уступлення Пучдэмона на пасаду

У той жа час урад Гішпаніі перасцерагае Карлеса Пучдэмона ад спробаў кіраваць Каталоніяй з Бэльгіі, дзе палітык знаходзіцца разам з чатырма сваімі прыхільнікамі. У адваротным выпадку Мадрыду давядзецца пераняць наўпроставае кіраванне рэгіёнам, заявіў 15 студзеня прэм'ер-міністр Гішпаніі Марыяна Рахой. Паводле яго слоў, Пучдэмон павінен "фізічна" ўступіць на пасаду кіраўніка каталонскага ўрада.

Прыхільнікі незалежнасці ад Гішпаніі атрымалі перамогу на пазачарговых парламенцкіх выбарах у Каталоніі, якія праходзілі 21 снежня. Нягледзячы на тое, што першае месца заняла ліберальная партыя "Грамадзяне - Грамадзянская партыя" (Ciudadanos), якая выступае за еўраінтэграцыю, абсалютную большасць у парламенце атрымалі прадстаўнікі трох партый сепаратыстаў. 10 студзеня стала вядома, што Пучдэмон паспрабуе зноў заняць пасаду кіраўніка каталонскай адміністрацыі.

У канцы кастрычніка Мадрыд адхіліў ад улады каталонскую адміністрацыю і распусціў рэгіянальны парламент. Суд распачаў крымінальныя справы за спробу бунту супраць шэрагу каталонскіх палітыкаў і вышэйшых чыноўнікаў. Пучдэмон і некалькі ягоных паплечнікаў здаліся бэльгійскай паліцыі ў Бруселі. Пазней Вярхоўны суд Гішпаніі адклікаў міжнародны ордэр на іх арышт, які, аднак, не быў ануляваны ў самой Гішпаніі.

Апошнія навіны