BE RU EN

Брат Кім Чэн Ына напісаў пра «нацыянальнае ўз'яднанне» двух Карэй

  • 14.01.2018, 12:52

Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі змянілі рыторыку?

На фоне старту перамоў з Паўднёвай Карэяй галоўнае друкаванае выданне Працоўнай партыі Карэі «Надон сінмун» змяніла тон публікацый, у газеце выйшаў артыкул «Яркая пуцяводная зорка нацыянальнага ўз'яднання» за аўтарствам Кім Чэн Чхоля (сярэдні сын Кім Чэн Іра), піша РБК.

Акрамя ўсхвалення лідара краіны Кім Чэн Ына ў артыкуле гаворыцца пра «нацыянальнае ўз'яднанне», якое, на думку аўтара, «абавязкова будзе дасягнутае, нягледзячы на існуючыя складанасці». Адзначаецца, што жаданне спыніць эру канфрантацыі і «ўступіць у новую эру адзінства» зыходзіць асабіста ад Кім Чэн Ына.

«Час для поўначы і поўдня Карэі сесці тварам да твару і пачаць шчыры дыялог аб паляпшэнні двухбаковых стасункаў», - гаворыцца ў артыкуле.

Ключавой задачай для абедзвюх краін называецца скарачэнне вайсковай напружанасці і стварэнне мірнай абстаноўкі на паўвостраве. Нягледзячы на тое што адносіны КНДР і Паўднёвай Карэі цяпер «на самым нізкім узроўні», гэтага можна дасягнуць, калі «ліквідаваць узаемны недавер».

«Сапраўдныя міжкарэйскія перамовы на высокім узроўні з'яўляюцца каштоўным увасабленнем новай палітыкі, усталяванай вярхоўным лідарам», - падкрэсліваецца ў артыкуле.

Нагодай для зруху ў адносінах абедзвюх краін стаў навагодні зварот Кім Чэн Ына, паўночнакарэйскі лідар заявіў, што краіна хацела б прыняць удзел у Алімпіядзе, якая адбудзецца ў Пхенчане, і гатовая да перамоваў. Сеул адгукнуўся на словы Кім Чэн Ына, і ўжо 9 студзеня ў памежнай вёсцы Пханмунджом адбыліся першыя з 2015 года перамовы на ўзроўні міністраў, якія адказваюць за нацыянальнае аб'яднанне.

На перамовах дэлегацыя КНДР заявіла пра жаданне адправіць на Алімпіяду сваіх спартоўцаў і мастацкі калектыў. Сеул у адказ прапанаваў правесці сумесны праход дэлегацый і дапусціў зняцце санкцый з КНДР на час Алімпіяды. Бакі ўжо дамовіліся аднавіць дыялог у вайсковых пытаннях. Наступны этап перамоваў адбудзецца 15 студзеня.

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі пасля старту перамоваў заявіў, што хацеў бы асабіста сустрэцца з Кім Чэн Ынам «пры ўмове, што [сустрэча] будзе садзейнічаць вырашэнню ядзернай праблемы і аднаўленню межкарэйскіх стасункаў».

Апошнія навіны